Ігуа́навыя, ігуаны (Iguanidae) — сямейства паўзуноў падатрада яшчарак.
Вядома больш за 50 родаў, у т.л. сапраўдныя ігуаны, анолісы, васіліскі, рапухападобныя, або рагатыя, яшчаркі і інш., каля 700 відаў. Даўжыня да 2 м. Галава ўкрыта шматлікімі дробнымі шчыткамі. У адрозненне ад агам зубы прымацаваны да ўнутранай паверхні сківіц.
Пашыраны ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, на Мадагаскары і некаторых астравах Палінезіі. Жывуць у лясах, на дрэвах, у пустынях, гарах, некаторыя вядуць паўводнае жыццё.
Кормяцца пераважна насякомымі і іншымі дробнымі беспазваночнымі; некаторыя расліннаедныя. Адкладваюць яйцы, ёсць яйцажывародныя.