Перайсці да зместу

Паланэз

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Паланэз пад адкрытым небам, Карнелій Шэгель  (польск.)

Паланэ́з (польск.: polonez ад фр.: polonaise) — старадаўні польскі танец-шэсце ўрачыстага характару.

Выконваўся як правіла напачатку баляў, падкрэсліваючы ўрачысты, узнёслы характар свята. У паланэзе танцуючыя пары рухаюцца па ўсталяваных правіламі геаметрычных фігурах. Музычны памер танца — ¾. Жанрава вызначальныя рысы — 3-дольны тактавы памер, тыповая рытмаформула, каданс.

Тыповы рытм паланэза

Папярэднік паланэза — 4-дольны павольны «пешы» танец, які вылучыўся з вясельных абрадавых танцаў, у XVII ст. адкрываў вясковыя святы або выконваўся ў час вяртання з палявых работ. У XVIII ст. пад назвай «польскі танец» пашырыўся ў шляхецкім асяроддзі, дзе набыў ваяўнічы характар. У канцы XVIII ст. атрымаў назву «паланэз». Адыграў прыкметную ролю ў фарміраванні нацыянальнага аблічча польскай прафесійнай музыкі. 3 1790-х гг., калі паявіліся «Паланэзы не для танца» М. К. Агінскага, і ў XIX ст., у перыяд рамантызму, паланэз узбагаціўся рысамі паэмнасці, значна пашырыўся яго эмацыянальны дыяпазон. Вяршыні развіцця дасягнуў у творчасці Ф. Шапэна. Да паланэза звярталіся І. С. Бах, В. А. Моцарт, К. М. Вебер, М. Глінка, П. Чайкоўскі, А. Скрабін, А. Лядаў і інш.

Найбольш раннія звесткі пра паланэз на Беларусі адносяцца да 1780-х г. і звязаны з творчасцю Я. Д. Голанда (арын Паляка з оперы «Чужое багацце нікому не на карысць», паст. 1780) і Р. Вардоцкага (арыя з оперы «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас»). У XIX ст. вядомы паланэзы для канцэртнага выканання І. Дабравольскага (для скрыпкі), Міхала Казіміра Агінскага (для скрыпкі і фпартэпіяна), Міхала Клеафаса Агінскага і В. Казлоўскага (для аркестра), Н. Орды, А. Абрамовіча, С. Манюшкі, К. Ельскага, Ф. Міладоўскага (для фпартэпіяна) і інш. Асаблівую папулярнасць набыў паланэз «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага. 3 сучасных беларускіх кампазітараў паланэзы пісалі Дз. Лукас (з музыкі да кінафільма «Несцерка»), Ю. Бяльзацкі (з сюіты на тэмы польскіх народных танцаў), Г. Вагнер (з балета «Падстаўная нявеста») і інш.

  • Назіна І. Паланэз // БЭ ў 18 т. Т. 11. Мн., 2000.