Перайсці да зместу

Павел Мікалаевіч Белавус

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Павел Белавус)
Павел Мікалаевіч Белавус
Дата нараджэння: 22 жніўня 1987(1987-08-22) (37 гадоў)
Месца нараджэння:
Грамадзянства:
Адукацыя
Месца працы
Узнагароды і прэміі
Медаль да стагоддзя БНР

Павел Мікалаевіч Белавус (нар. 22 жніўня 1987) — адзін з заснавальнікаў і былы дырэктар «Арт Сядзібы», стваральнік і кіраўнік крамы SYMBAL.BY, менеджар гурта Amaroka і спевака Vinsent, кіраўнік кампаніі «Годна», культурніцкі менеджар і журналіст. Удзельнік асноўнага складу Каардынацыйнай рады, палітычны зняволены, абвінавачаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Павал Белавус нарадзіўся ў Лідзе, вучыўся ў школе № 14. Вышэйшую адукацыю атрымаў на геаграфічным факультэце ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці «турыстычны менеджмент», дзе быў удзельнікам моладзевай арганізацыі «Дзедзіч», а таксама адным з рэдактараў аднайменнага моладзевага выдання: «Хоць і вучыўся на геафаку, хацеў стаць журналістам. Я паступаў туды, бо добра ведаў беларускую мову, матэматыку, і мне патрэбны быў трэці прадмет. І я такі: „О, геаграфія! Паеду паступаць на геафак“. Але з другога курсу я пачаў пісаць, больш працаваў у журналісцкай сфэры. Дзякуючы геафаку, што я вучыўся ў Брэсце, я пазнаёміўся з „Дзедзічам“, які зацягнуў мяне ў актывізм»[1]. Пасля заканчэння ўніверсітэту працаваў па размеркаванні ў турфірме, служыў у беларускім войску пад Барысавам у 2011—2011 гадах, дзе ў яго з’явілася ідэя культурніцкай пляцоўкі, будучай «Арт Сядзібы»[2].

Са снежня 2011 года пачаў працу як дырэктар інфармацыйна-асветніцкай установы «Амарока», стаўся адным з заснавальнікаў творчай пляцоўкі «Арт Сядзіба». У якасці чальца і дырэктара «Арт Сядзібы» быў суарганізатарам шэрагу культурніцкіх і асветніцкіх мерапрыемстваў: «Дня вышыванкі» (праходзіў двойчы, у кастрычніку і снежні 2014) і «Мова-фэста» (люты 2020), беларускамоўнага квізу «Варта», раздачы 5 тысячы метраў стужкі з беларускім арнаментам[3], штогадовых святкаванняў з нагоды адкрыцця «Арт Сядзібы»[4], свята Дня Волі ў Гродна ў 2019 годе, якое наведалі каля пяці тысячаў чалавек[5][6]. У «Арт Сядзібе» ладзіліся курсы беларускай мовы, якія вялі мовазнаўцы Вінцук Вячорка і Пётра Садоўскі, заняткі па аратарскім майстэрстве, якія рабілі чальцы Задзіночання беларускіх студэнтаў, курсы відэамантажу, творчыя вечарыны і імпрэзы[7]. Працавала свая тэатральная студыя, пэўны час у памяшканнях «Арт Сядзібы» свае рэпетыцыі і паказы ладзіў «Свабодны тэатр»[8].

З 2012 па 2014 таксама працаваў журналістам, пісаў матэрыялы для Радыё Свабода. Сябар Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У 2014 Павел Белавус заснаваў краму Symbal.by па продажы нацыянальнай сімволікі, сувеніраў і адзення з выявамі гістарычных і нацыянальных сімвалаў: бел-чырвона-белых сцягаў, гербаў «Пагоня», цішотак з нацыянальным арнаментам, кубкаў, значкоў і іншай аналагічнай прадукцыі. Акрамя камерцыйнай дзейнасці, Symbal.by стаў заснавальнікам і ўдзельнікам шэрагу культурных праектаў: «Дзень вышыванкі»[9], «Стужка з арнаментам», «Фэст роднай мовы»[10], «Symbal.by-фэст», суарганізатарам святкавання «100-годдзя БНР». За 6 гадоў асартымент тавараў крамы павялічыўся з дзясяткаў да тысячаў пазіцый[11]. Крама супрацоўнічала з федэрацыяй футболу Беларусі, «Арт Сядзіба» і Symbal.by былі партнёрамі федэрацыі футболу ў распрацоўцы і прэзентацыі новай формы нацыянальнай зборнай, якую паказалі ў верасні 2018 года[12]. Вясной 2020 Symbal.by арганізаваў дабрачынную акцыю для дзяржаўных шпіталяў і паліклінік: у медычныя ўстановы было перададзена 50 тысяч масак[13].

21 мая 2014 быў вядоўцам канцэрту «Свабодны фэст» у мінскім клубе Рэ:паблік, прымеркаванага да 60-годдзя Радыё Свабода[14].

22 жніўня 2015 года сустракаў Міколу Статкевіча з турмы, адкуль той выйшаў пасля больш як чатырох гадоў зняволення. «Гэты дзень — мой дзень народзінаў. Мы адзначалі на „Арт Сядзібе“, і тут нехта забягае і крычыць: „Статкевіча вызвалілі! Едзем сустракаць“. І чалавек дзесяць паехалі. Прыяжджаем на вакзал: „Трэба яго падняць на рукі! Падымем, сябры!“. Гэта была вельмі эмацыйная падзея, але тут спрацаваў і святочны дзень, і выпіты алкаголь, і тое, што нас было шмат»[12][15].

У лістападзе 2015 Белавус як менеджар спевака Vinsent зладзіў канцэрты-прэзентацыі з нагоды вяртання Vinsent’а ў Беларусь[16].

У лютым 2016 Павел Белавус зладзіў збор сродак у падтрымку Вадзіма Жаромскага, Максіма Пякарскага і Вячаслава Касінерава, якія атрымалі немалыя штрафы за графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе». Збор у выніку атрымалася закрыць цягам некалькіх дзён[17].

У 2018 годзе Павел Белавус быў адным з ініцыятараў грамадскай кампаніі за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, разам з тагачасным кіраўніком кампаніі «Гавары праўду» Таццянай Караткевіч хадзіў на сустрэчу да міністра культуры Беларусі Барыса Святлова, дзе ўздымалася пытанне пра афіцыйны статус сцяга [18].

У 2018 годзе разам з блогерамі і актывістамі Антонам Матолькам і Эдуардам Пальчысам арганізаваў святочны канцэрт да стагоддзя абвяшчэння БНР каля Нацыянальны акадэмічнага Вялікага тэатру оперы і балета. Для правядзення канцэрта арганізатары сабралі больш за 36 тысяч рублёў на платформе talaka.org, праект падтрымала больш за 1100 чалавек, што было рэкордам для Беларусі сярод краўдпраектаў па ўдзельніках, а агулам па ўсёй краіне і на ўсе мерапрыемствы было сабрана каля 60 тысячы рублёў. Паводле колькасці ўдзельнікаў гэта быў найбольш масавы Дзень Волі ў ХХІ стагоддзі[19].

У чэрвені 2018 года з ініцыятывы Паўла Белавуса была распачата акцыя «Брукаванка памяці» ў мінскім урочышчы Курапаты[20].

Раніцай 4 красавіка 2019 у Курапатах былі знесены каля 70 крыжоў, прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант патлумачыла гэта распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі. У адказ на гэта грамадзянская супольнасць увечары 4 красавіка зладзіла супольную малітву, удзел у якой таксама прымаў Павел Белавус[21].

22 лістапада 2019 Белавус прысутнічаў на цырымоніі развітання і перапахавання парэшткаў Кастуся Каліноўскага і яшчэ 19 паўстанцаў, арганізаванай уладамі Літвы[22].

У 2020 годзе Белавус стварыў грамадскую кампанію «Годна», якая прасоўвае і вывучае сучасную нацыянальную ідэю Беларусі. У ёй каманды маладых людзей ствараюць культурныя і гістарычныя праекты[23]. У межах «Годна» Белавус разам з Антонам Матолькам і Эдуардам Пальчысам займаўся арганізацыяй святкавання Дня волі 25 сакавіка ў 2020, якое з прычыны забеспячэння бяспекі людзей было перанесена ў анлайн-фармат, адбыўся святочны стрым[24].

У ліпені 2020 былі прадстаўлены вынікі даследавання «Каштоўнасці і нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў» ад кампаніі SATIO, дзе «Годна» разам з «Будзьма беларусамі» выступілі ініцыятарамі і фундатарамі праекта[25].

У жніўні 2020 Павел Белавус увайшоў у асноўны склад Каардынацыйнай рады[26].

У жніўні 2021, на гадавіну падзеяў жніўня 2020 года ў Беларусі, Лявон Вольскі прэзентаваў кліп на песню «Палон», у здымках прыняў удзел, у тым ліку, і Павел Белавус[27].

Жонка — Кацярына, у сям’і двое маленькіх дзяцей, Сафія і Мірон, з імёнамі дзяцей Павел зрабіў сабе татуіроўкі на руках.

Палітычны пераслед

[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на цалкам мірны характар сваёй працы ў якасці менэджера розных культурніцкіх праектаў Павел Белавус шматразова сутыкаўся з перашкодамі і ціскам выканаўчых ўлад на свае ініцыатывы.

28 верасня 2012 не адбылося адкрыццё новага памяшкання «Арт Сядзібы» (дзе Белавус на той момант ужо быў дырэктарам), прымеркаваная да гэтага творчая сустрэча з Лявонам Вольскім была перанесена ў сядзібу БНФ. Адкрыццё не адбылося праз тое, што супрацоўнікі МНС апячаталі дзверы яшчэ да фактычнага адкрыцця пляцоўкі[28]. Пасля гэтага «Арт Сядзіба» змяніла некалькі памяшканняў за наступные паўтары гады, бо на іншых месцах адбываліся падобныя гісторыі[29]. Гэтая сітуацыя была адзначана прэміяй «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці-2012» у намінацыі «Адмова» («за адмову размяшчэння культурнай пляцоўкі „Арт Сядзіба“ ў трох памяшканнях»[30].

29 траўня 2014 музычны гурт Amaroka (у асобе заяўніка і менеджара гурта Белавуса) атрымаў афіцыйную забарону на правядзенне канцэртаў ад мінскіх уладаў. Фармальнай прычынай для адмовы быў пазначаны пункт, які тычыўся зместу твораў. Па іншай версіі, абурэнне ідэолягаў выклікаў выступ гурта на Майдане, а таксама ўдзел у канцэрце-акцыі «Салідарны зь Беларуссю» разам з гуртом «Ляпіс Трубяцкі»[31].

27 ліпеня 2015, менавіта ў дзень, калі была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі з бел-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоня», у краму Symbal.by са службовай праверкай на прадмет распаўсюджвання забароненай сімволікі наведала міліцыя. Той выпадак Белавус пракаментаваў наступным чынам: «Больш за ўсё здзівіла, што ў паперах ва ўчастковага было пазначана, што гэта забароненая сімволіка. Я яго папрасіў паказаць паперы, згодна з якімі гэты сцяг забаронены. Мне самому стала цікава, ці ёсць яны! Прынамсі я такіх не ведаю. Мы зарэгістраваныя афіцыйна і прадаём гэты сцяг як гістарычную сімволіку і як дзяржаўны сцяг Беларусі з 1991 па 1995 год. Ужо толькі гэты факт робіць яго гістарычным»[32].

26 сакавіка 2017 на Кастрычніцкай плошчы Мінска збіраліся людзі, каб выказаць пратэст супраць брутальных затрыманняў у Дзень Волі, 25 сакавіка. На гэтай акцыі былі затрыманы, у тым ліку, Павел Белавус і яго цяжарная на той момант жонка Кацярына Маковіч (пазней яе адпусцілі). Павел быў дастаўлены ў Ленінскі РАУС, пазней пераведзены ў ЦІП на Акрэсціна, дзе адсядзеў 15 сутак арышту[33]. Частку сваіх сутак Павел адбываў з Раманам Пратасевічам, таксама затрыманым за святкаванне Дня Волі, і бадзягай Антонам, які накінуў ланчуг на помнік гарадавому ў Мінску[34].

4 верасня 2018 толькі некалькі гадзінаў правіселі ў цэнтры Мінска (у раёне плошчы Перамогі) банэры з паэтам Уладзімерам Някляевым і акторам Юрыям Жыгамонтам ад крамы Symbal.by, пасля чаго банэры былі прыбраныя праз тое, што ў рэкламную кампанію «звярнуліся з высокіх органаў і загадалі зняць»[35].

У лістападзе 2019 быў адменены фэст «Lidskie» у Лідзе, які арганізоўвала каманда Back in 1323. Сярод выступоўцаў быў заяўлены ў тым ліку і Павел Белавус. Гасцямі і выступоўцамі фэста планаваліся стаць актыўныя выхадцы з гэтага гораду, але за за некалькі дзён да пачатку яго адмянілі, а арганізатарам паведамілі, што прычына адмовы «палітычны» характар мерапрыемства[36].

Павел Белавус быў сярод тых, хто прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у мірных шэсцях 7 і 8 снежня 2019 супраць падпісання інтэграцыйных дакументаў з Расіяй. Тады Паўла выклікалі ў Ленінскі РАУС [37].

18 чэрвеня 2020 па выніках праверкі, праведзенай 17 чэрвеня на вытворчасці крамы symbal.by міліцыяй і санстанцыяй, яе запатрабавалі прыпыніць з 18 чэрвеня «да ліквідацыі парушэнняў». Сярод парушэнняў (спіс якіх займаў дзве старонкі) было пазначана, што дзейнасць symbal.by «стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы, прычынення шкоды жыцця і здароўя насельніцтва, навакольнаму асяроддзю»[38].

16 ліпеня 2020 Мінскі эканамічны суд аштрафаваў краму Symbal.by і асобна Паўла Белавуса. Крама Symbal.by аштрафаваная на 1360 рублёў за парушэнне транспарціроўкі кур’ерам тавару — цішотак «ПСІХОЗ%» (раней, 12 чэрвеня, больш за 400 цішотак былі канфіскаваныя ў кур’ера). Самога Белавуса, як дырэктара кампаніі, за гэтае ж парушэнне аштрафавалі на 25 базавых велічыняў — 675 рублёў[39].

Пасля гэтага здарэння ў краме пачаліся няспынныя праверкі, камунальныя службы адключылі электрычнасць, а Менгарвыканкам запатрабаваў прыбраць з будынку фірмовую шыльду. 23 чэрвеня Павел Белавус абвесціў, што крама спыніць сваю афлайн працу 29 чэрвеня, і заклікаў набываць тавары, пакуль іх не арыштавалі. У той жа вечар людзі з салідарнасці сталі збірацца ў чаргу ля дому № 18 па праспекце Машэрава, дзе месцілася крама. Праз нейкі час пад’ехаў аўтазак, і АМАП стаў груба затрымліваць людзей з чаргі. Усяго было затрымана каля 20 чалавек. Паводле праваабаронцаў, прынамсі на частку з іх склалі па два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях: арт. 23.4 (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) і 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў)[40]. Нягледзячы на гэта, ўжо на наступны дзень, 24 чэрвеня, ля крамы ізноў пашыхтавалася чарга пакупнікоў[13].

20 верасня 2020 Павел Белавус быў затрыманы ў Мінску на так званым «Маршы справядлівасці»[41].

30 студзеня 2021 ў офіс symbal.by прыйшлі міліцыянты, забралі ўсю тэхніку, тавары кампаніі і адвезлі чатырох працаўнікоў крамы ў Савецкі РАУС, дзе на іх склалі пратаколы аб правапарушэннях, яны атрымалі ад 15 да 20 содняў адміністратыўнага арышту. Праз няспынны ціск уладаў на краму symbal.by на пачатку сакавіка 2021 года было прынятае рашэнне яе зачыніць таксама і онлайн. Белавус пракаментаваў сітуацыю наступным чынам: «Цягам 8 месяцаў у нас усё забіраюць, забіраюць, забіраюць і не тлумачаць, які лёс таго, што забралі. Летам забралі майкі „Псіхо3 %“, потым частку сцягоў, потым проста тканіну, пасля пачалі не выпускаць з краіны ды ізаляваць пасылкі замежным адрасатам, яны так і засталіся на менскай рэгіянальнай мытні. Мы зразумелі, што выпускаць новую прадукцыю, якую таксама могуць забраць, і ўлазіць у яшчэ большыя пазыкі немэтазгодна. Без гэтых сімвалаў мы сябе не ўяўлялі. Чым сябе неяк цэнзураваць, больш мэтазгодна прыпыніць дзейнасць»[42]. Гэтае закрыццё стала працягам рэпрэсіяў супраць крамаў з нацыянальнай сімволікай, якія пачаліся пасля выбараў прэзідэнта 2020, калі зачынілася крамы LSTR і «Мой модны кут», онлайн-крама «БЧБ.бел» (Мінск), «Князь Вітаўт» (Брэст), паб «Торвальд» (Віцебск), этнакрама «Цудоўня» (Гродна), «Цудоўная крама» (Ворша)[43].

Павел Белавус быў затрыманы 15 лістапада 2021 года пасля таго, як ён пайшоў па выкліку ў міліцыю, адкуль яго не выпусцілі, а перавялі на Акрэсціна. Меркаванай прычынай затрымання было тое, што ён пасылаў «Белпоштай» кнігу «Беларуская нацыянальная ідэя» Зміцера Лукашука, якую ў сакавіку 2021 ўлады прызналі экстрэмісцкай[44]. Пасля гэтага Белавуса тройчы асудзілі па адміністрацыйных справах (на 15, 13 і 7 сутак), а пасля ўжо па крымінальнай справе перавялі ў СІЗА, яму было прад’яўлена абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), у яго дома правялі вобшук і канфіскавалі тэхніку[45].

29 снежня 2021 года супольнай заяваю шасці беларускіх праваабарончых арганізацыяў, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі ПЭН-цэнтр, Белавус быў прызнаны палітычным зняволенным[46].

Утрымліваецца ў СІЗА № 1 на Валадарскага ў Мінску, адкуль дасылае свае малюнкі і вершы[47][48], вядома, што пэўны час Павел утрымліваўся ў той жа камеры, дзе раней сядзела Марыя Калеснікава[49].

Судовы працэс пачаўся 20 лютага 2023 года, вяла яго суддзя Жанна Брысіна. Першапачаткова суд быў адкрыты, але дзяржаўны абвінаваўца заявіў хадайніцтва аб разглядзе справы ў закрытым рэжыме «з мэтай прадухілення разгалошвання інфармацыі, размешчанай у крыніцах, прызнаных экстрэмісцкімі». Як паведамляў на пачатку студзеня начальнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Сяргей Паско, у 2011 годзе «абвінавачаны для пошуку аднадумцаў пачаў трансляваць патрэбную яму інфармацыю ў масы». «Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з’яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі», — казаў у студзені 2023 года Паско.

Паўлу Белавусу было выстаўлена абвінавачанне адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве); ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак); ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); ч. 1 арт. 361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем). 11 мая 2023 года Мінскі гарадскі суд прысудіў Паўлу Белавусу 13 гадоў зняволення[50].

Пераможца фестываля беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі aDNaK!-2015 ад кампаніі «Будзьма беларусамі!». Атрымаў узнагароду як кіраўнік грамадскай арганізацыі «Арт Сядзіба» за стварэнне вышымайкі (вышыванка + майка)[51].

27 ліпеня 2018 года ўганараваны памятным знакам імя Віктара Івашкевіча ад партыі БНФ за арганізацыю святкавання 100 год абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка ў Мінску[52].

Напачатку 2019 года атрымаў прэмію «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці-2018» ад Асамблеі НДА у намінацыі «Грамадскі лідар года», узнагароду атрымаў як адзін з арганізатараў святкавання 100-годдзя БНР, канцэрту і інфармацыйнай кампаніі #БНР100, акцыяў #добрыясловы і «Брукаванка памяці» ў Курапатах[53].

У лістападзе 2019 быў узнагароджаны медалём у гонар 100-годдзя БНР ад рады БНР[54].

Адзначаны як «Асоба грамадзянскай супольнасці» ў цыкле «Асобы дзесяцігоддзя, якія рабілі Беларусь лепшай» ад Радыё Свабоды[55].

Зноскі

  1. https://www.svaboda.org/a/31564607.html
  2. https://www.svaboda.org/a/24628185.html
  3. https://www.svaboda.org/a/31652787.html
  4. https://belsat.eu/in-focus/art-syadzibe-7/
  5. https://belsat.eu/in-focus/svyata-dnya-voli-u-goradni-navedali-pyats-tysyachau-chalavek/
  6. https://www.svaboda.org/a/29836892.html
  7. https://www.svaboda.org/a/26673536.html
  8. https://www.svaboda.org/a/art-siadzibie-5-hadou/28174231.html
  9. https://www.svaboda.org/a/30126753.html
  10. https://belsat.eu/news/mova-fest/
  11. https://www.svaboda.org/a/30124935.html
  12. а б https://www.svaboda.org/a/29704023.html
  13. а б https://belsat.eu/news/pakupniki-kramy-symbal-by-amapu-yak-karonavirusa-spachatku-bayalisya-a-potym-zvyklisya/
  14. https://www.svaboda.org/a/25394043.html
  15. https://www.svaboda.org/a/27203377.html
  16. https://web.archive.org/web/20170128044236/http://tuzin.fm/zhamerun/2603/vinsent-halounaje---vieryc-u-svaje-sily-audyjo-videa.html
  17. https://www.svaboda.org/a/27530261.html
  18. https://www.svaboda.org/a/28724464.html
  19. https://web.archive.org/web/20210325063936/https://news.tut.by/economics/586449.html
  20. https://www.svaboda.org/a/29268724.html
  21. https://svaboda.org/a/29861906.html
  22. https://www.svaboda.org/a/30287197.html
  23. https://www.sn-plus.com/2020/07/23/godny-belarus-pavel-belavus/
  24. https://www.svaboda.org/a/30499019.html
  25. https://www.svaboda.org/a/30700154.html
  26. https://www.svaboda.org/a/30788497.html
  27. https://reform.by/248325-ljavon-volski-prjezjentava-klip-na-gadavinu-padzeja-u-zhni-ni-2020-godu
  28. https://spring96.org/be/news/58064
  29. https://web.archive.org/web/20140701195132/http://artsiadziba.by/news/2014/02/13/artsiadziba-damova/
  30. https://spring96.org/be/news/61046
  31. https://web.archive.org/web/20170327001511/http://tuzin.fm/article/904/mienskija-ulady-aficyjna-zabaranili-hurt-amaroka.html
  32. https://spring96.org/be/news/78752
  33. https://spring96.org/be/news/86465
  34. https://www.svaboda.org/a/28421429.html
  35. https://www.svaboda.org/a/29471595.html
  36. https://www.svaboda.org/a/30252551.html
  37. https://spring96.org/be/news/95474
  38. https://belsat.eu/news/ulady-prypynili-vytvorchasts-kramy-symbal-by-da-likvidatsyi-parushennyau/
  39. https://belsat.eu/news/sud-ashtrafavau-symbal-by-za-tsishotki-psihoz/
  40. https://belsat.eu/news/kalya-kramy-symbal-by-znou-z-yavilasya-charga-fotafakt/
  41. https://spring96.org/be/news/99604
  42. https://belsat.eu/news/11-03-2021-zastalisya-shmatlikiya-pazyki-a-taksama-chakayuts-shtrafy-bolsh-za-8-mesyatsau-ulady-tsisnuli-na-symbal-by/
  43. https://belsat.eu/news/03-03-2021-symbal-by-usyo-pavel-belavus-abvestsiu-pra-zakrytstsyo-onlajn-i-oflajn-kramau/
  44. https://www.svaboda.org/a/31563863.html
  45. https://prisoners.spring96.org/be/person/pavel-belavus
  46. https://spring96.org/be/news/106263
  47. https://www.svaboda.org/a/31708404.html
  48. https://www.svaboda.org/a/31681409.html
  49. https://svaboda.org/a/31671870.html
  50. Паўла Белавуса асудзілі на 13 гадоў калоніі. Новы Час (12 мая 2023).
  51. https://euroradio.pl/gran-pry-festyvalyu-adnak-atrymala-vyshymayka-praekt-art-syadziby
  52. https://www.svaboda.org/a/29394392.html
  53. https://spring96.org/be/news/91786
  54. https://www.svaboda.org/a/30289001.html
  55. https://www.svaboda.org/a/30383149.html