Перайсці да зместу

Літоўскае генерал-губернатарства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Літоўскае генерал-губернатарства (1794—1801), Літоўскае ваеннае губернатарства (1801—1830), Віленскае часовае ваеннае губернатарства (1830—1832), Віленскае ваеннае генерал-губернатарства (1832—1864), Віленскае генерал-губернатарства (1864—1912) — шэраг генерал-губернатарстваў у Расійскай Імперыі ў 17941912 гг. з цэнтрам у Гродне (з 1794 г.) і Вільні (з 1795 г.), якія па сутнасці тэрытарыяльна і бюракратычна з'яўляліся пераемнікамі адзін аднаго. Першае генерал-губернатарства было створана ў 1794 г. з акупаваных зямель Вялікага Княства Літоўскага, якія Расійская Імперыя ўключыла ў свой склад па выніках трэцяга падзела Рэчы Паспалітай (1795). Неафіцыйна (а часам і ў афіцыйных дакументах расійскай улады) гэтыя генерал-губернатарствы называліся як «літоўскія губерні», «Літоўскі край» ці «Літва».

Літоўскае генерал-губернатарства (1794—1801)

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле свайго маніфеста ад 30 кастрычніка 1794 г. расійская імператрыца Кацярына ІІ загадала пасля падаўлення паўстання 1794 года галоўнакамандуючаму расійскімі войскамі Мікалаю Рапніну падзяліць акупаваныя землі Вялікага Княства Літоўскага на тры часткі (у складзе 17 паветаў) — Ковенскую, Віленскую і Гродзенскую, і прызначыла Рапніна літоўскім генерал-губернатарам (ці «генерал-губернатарам Літоўскага княства») з рэзідэнцыяй (Вярхоўным Праўленнем) у Гродне[1][2].

Пасля трэцяга падзела Рэчы Паспалітай 14 снежня 1795 г. захопленыя тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, якія яшчэ з 30 кастрычніка 1794 г. падпарадкоўваліся літоўскаму генерал-губернатару Рапніну, былі падзелены на Слонімскую (тэрытарыяльна правобраз будучай Гродзенскай губерні) і Віленскую губерні і засталіся пад кіраваннем літоўскага генерал-губернатара[3][4]. Цэнтрам Літоўскага генерал-губернатарства, якое тады складалася толькі са Слонімскай і Віленскай губерняў, станавілася Вільня.

Афіцыйнай рэзідэнцыяй генерал-губернатара ў Вільні стаў палац віленскіх каталіцкіх біскупаў, які быў пабудаваны апошнім у часы Вялікага Княства Літоўскага віленскім біскупам (1762—1794) Ігнатам-Якубам Масальскім (1727—1794). Палац пачаў выконваць не толькі функцыі месца жыхарства і службы генерал-губернатара, але і месца перабывання для расійскага імператара, членаў яго сям'і і высокіх гасцей (у тым ліку з каранаваных асоб), калі яны наведвалі горад. (Зараз былы палац генерал-губернатара служыць рэзідэнцыяй прэзідэнта Рэспублікі Літва).

Паводле ўказа расійскага імператара (1796—1801) Паўла I ад 12 снежня 1796 г. Віленская і Слонімская губерні былі аб'яднаны ў адну Літоўскую губерню[5], толькі з якой пачало складацца Літоўскае генерал-губернатарства.

Генерал-губернатарства з цэнтрам у Вільні неафіцыйна (а часта і ў афіцыйных дакументах) называлася як «літоўскія губерні», «літоўскія правінцыі», «Літоўскі край» ці «Літва».

Літоўскае ваеннае губернатарства (1801—1830)

[правіць | правіць зыходнік]

Літоўскае ваеннае губернатарства было створана паводле ўказу расійскага імператара (1801—1825) Аляксандра I ад 9 (21) верасня 1801 г., якім Літоўская губерня падзялялася на «дзве літоўскія» — Літоўска-Віленскую і Літоўска-Гродзенскую губерні, што былі ўключаны тым жа ўказам ў склад Літоўскага ваеннага губернатарства з цэнтрам у Вільні[6][7][8]. У складзе Літоўскага ваеннага губернатарства знаходзіліся толькі Літоўска-Віленская і Літоўска-Гродзенская губерні.

Ваеннае губернатарства з цэнтрам у Вільні неафіцыйна (а часта і ў афіцыйных дакументах) працягвала называцца як «літоўскія губерні», «літоўскія правінцыі», «Літоўскі край» ці «Літва».

Віленскае часовае ваеннае губернатарства (1830—1832)

[правіць | правіць зыходнік]

1 (13) снежня 1830 г. у Літоўска-Віленскай, Літоўска-Гродзенскай, Мінскай губернях і Беластоцкай вобласці было ўведзена ваеннае становічша ў сувязі з Лістападаўскім паўстаннем 1830—1831 гадоў[10]. Літоўскае ваеннае губернатарства было пераўтворана ў снежні 1830 г. у «Віленскае і Гродзенскае часовае ваеннае губернатарства», якое скарочана пісалася як «Віленскае часовае ваеннае губернатарства» альбо «Віленскае ваеннае губернатарства». У яго складзе знаходзіліся Літоўска-Віленская і Літоўска-Гродзенская губерні.

Паводле царскага ўказу ад 30 кастрычніка 1831 г. Беластоцкая вобласць (1808—1842) перайшла пад уладу віленскага часовага ваеннага губернатара і ў склад Віленскага часовага ваеннага губернатарства.

Віленскае ваеннае генерал-губернатарства (1832—1864)

[правіць | правіць зыходнік]
Палац генерал-губернатара ў Вільні, 1850 г.

Віленскае часовае ваеннае губернатарства 1 чэрвеня 1832 г. было рэарганізавана ў «Віленскае ваеннае генерал-губернатарства». У яго складзе знаходзіліся Літоўска-Віленская і Літоўска-Гродзенская губерні, а таксама і Беластоцкая вобласць (1808—1842). З-за таго, што генерал-губернатар меў званне яшчэ і ваеннага губернатара адной з падначаленых губерняў (Віленскай губерні), адміністрацыйна-тэрытарыяльная структура мела поўную афіцыйную назву «Віленскае ваеннае губернатарства, Гродзенскае і Беластоцкае генерал-губернатарства», адлюстроўваючы пералік адзінак, якія ўваходзілі ў яго склад, а кіраўнік — «віленскі ваенны губернатар, гродзенскі і беластоцкі генерал-губернатар» (г.зн. ваенны губернатар, які вярхоўна кіруе і грамадзянскай часткай у губернях). Найчасцей у законах і дакументах ужываліся больш скарочаная афіцыйная назва «Віленскае ваеннае, Гродзенскае і Беластоцкае генерал-губернатарства» і, адпаведна, тытул «віленскі ваенны, гродзенскі і беластоцкі генерал-губернатар». У справаводстве ў 18321864 гг. маглі таксама выкарыстоўвацца і іншыя скарачэнні: «віленскі ваенны і генерал-губернатар», «віленскі ваенны генерал-губернатар», «віленскі ваенны губернатар» ці «віленскі генерал-губернатар».

У 1834 г. у склад Віленскага ваеннага генерал-губернатарства ўвайшла яшчэ і Мінская губерня. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная структура пачала афіцыйна называцца «Віленскае ваеннае губернатарства, Гродзенскае, Мінскае і Беластоцкае генерал-губернатарства» (ці «Віленскае ваеннае, Гродзенскае, Мінскае і Беластоцкае генерал-губернатарства»), а генерал-губернатар як «віленскі ваенны губернатар, гродзенскі, мінскі і беластоцкі генерал-губернатар» (ці «віленскі ваенны, гродзенскі, мінскі і беластоцкі генерал-губернатар»). Неафіцыйна (а часам і ў афіцыйных дакументах расійскай улады) Віленскае ваеннае генерал-губернатарства працягвала называцца як «літоўскія губерні», «Літоўскі край» ці «Літва».

18 ліпеня 1840 г. расійскі імператар (1825—1855) Мікалай I перайменаваў Літоўска-Віленскую і Літоўска-Гродзенскую губерні ў адпаведна Віленскую і Гродзенскую губерні, а Беларуска-Віцебскую і Беларуска-Магілёўскую губерні — у Віцебскую і Магілёўскую губерні[11].

Указ 18 снежня 1842 г. Аб пераўтварэнні паўночна-заходніх губерняў. Поўны збор законаў Расійскай Імперыі. Збор другі, Т. 17, аддзял. 2, №16347.

Паводле ўказу ад 18 снежня 1842 г. са складу Віленскай губерні былі вылучаны Ковенскі, Цельшаўскі, Расіенскі, Панявежскі, Вількамірскі і Новааляксандраўскі паветы, з якіх была створана новая губерня — Ковенская губерня, якая ўвайшла ў склад Віленскага ваеннага генерал-губернатарства[12]. Тым жа ўказам ад 18 снежня 1842 г. Беластоцкая вобласць (1808—1842) была ўключана ў склад Гродзенскай губерні. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная структура пачала афіцыйна поўнасцю называцца як «Віленскае ваеннае губернатарства, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства», адлюстроўваючы пералік складовых адзінак ваеннага генерал-губернатарства — Віленская, Ковенская, Гродзенская і Мінская губерні; а ваенны генерал-губернатар поўнасцю — як «віленскі ваенны губернатар, ковенскі, гродзенскі і мінскі генерал-губернатар».

Пасля скасавання ў Расійскай Імперыі ўніяцтва (1839) у адносінах да Віленскага ваеннага генерал-губернатарства (як жаданне паказаць этнаканфесійна «рускі» (г.зн. праваслаўны), а не «літоўскі» ці «польскі» (г.зн. каталіцкі)[13] характар гэтых зямель) у расійскай урадавай тэрміналогіі (а хутка — і ў публіцыстыцы) пачаў ужывацца тэрмін «Паўночна-Заходні край» («паўночна-заходнія губерні»)[14] ці «Заходні край» («заходнія губерні»), хоць тэрмін «Заходні край» («заходнія губерні») ужываўся паралельна для абазначэння ўсіх дзевяці «заходніх губерняў» (Валынскай, Падольскай, Кіеўскай, Ковенскай, Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў)[15][16]. Аднак да пачатку сялянскай рэформы (1861) і асабліва да паўстання 1863—1864 гадоў тэрмін «Паўночна-Заходні край» (ці «Заходні край» — у значэнні Віленскага ваеннага генерал-губернатарства) выкарыстоўваўся вельмі рэдка. Нягледзячы на тое, што ўніяты заходніх губерняў былі пераведзены ў праваслаўе, у краі мелася значная доля католікаў — з асабліва высокім працэнтам у Ковенскай, Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях.

У 18501855 гг. віленскі ваенны генерал-губернатар кіраваў і Віленскай навучальнай акругай.

Паводле ўказу ад 17 лютага 1856 г. Мінская губерня была вылучана са складу Віленскага ваеннага генерал-губернатарства і перастала ўваходзіць у склад якога небудзь генерал-губернатарства. Само Віленскае ваеннае генерал-губернатарства афіцыйна пачало поўнасцю называцца як «Віленскае ваеннае губернатарства, Ковенскае і Гродзенскае генерал-губернатарства» (ці «Віленскае ваеннае, Ковенскае і Гродзенскае генерал-губернатарства»).

Палац генерал-губернатара ў Вільні, 1863 г.

У сувязі з сялянскімі хваляваннямі (пасля адмены прыгону ў 1861 г. у Расійскай імперыі) і ростам апазіцыйнасці мясцовых (галоўным чынам, каталіцкіх і польскамоўных) дваран, якія патрабавалі злучэння «заходніх губерняў» з губернямі Царства Польскага, паводле ўказу ад 16 жніўня 1862 г. Мінская губерня зноў увайшла (да 22 снежня 1870 г.) у склад Віленскага ваеннага генерал-губернатарства, якое пачало поўнасцю называцца як «Віленскае ваеннае губернатарства, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства» (ці «Віленскае ваеннае, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства»), а яго кіраўнік як «віленскі ваенны губернатар, ковенскі, гродзенскі і мінскі генерал-губернатар» (ці «віленскі ваенны, ковенскі, гродзенскі і мінскі генерал-губернатар»).

Паводле рэформы генерал-губернатары Расійскай імперыі з 1862 г. сталі прызначацца адначасова і на пасаду начальніка аднайменнай ваеннай акругі: віленскі ваенны генерал-губернатар узначаліў Віленскую ваенную акругу, што працягвалася да 1884 г.

Паводле ўказу Сената ад 30 красавіка 1863 г.[17] па прычыне пачатку паўстання 1863—1864 гадоў Магілёўская і Віцебская губерні былі пераведзены (гэтак жа як і часовыя ваенныя губернатары ў літоўска-беларускіх землях[18]) пад уладу віленскага ваеннага генерал-губернатара. Ва ўказе адзначалася: «<...> па прычыне пастаянна ўзрастаючых мяцежніцкіх дзеянняў, і з мэтай сканцэнтравання ў асобе Галоўнага Начальніка края неабходных сродкаў для своечасовага прыняцця належных мер да сканчэння падобных беспарадкаў <...> прадаставіць Галоўнаму Начальніку края права часова знімаць з пасад грамадзянскіх губернатараў 6-ці губерняў (Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай) і прызначаць для выканання іх абавязкаў іншых асоб, на сваё меркаванне <...> Незалежна ад таго, што дзве Беларускія губерні[19] і Мінская губерня складаюць, па тым элементам насельніцтва, якія ў іх знаходзяцца, у многіх адносінах як бы асобную ад Літоўскіх губерняў[20] групу, і патрабуюць асобных рашучых распараджэнняў, і ў асаблівасці для аказання садзейнічання да ўтаймавання мяцяжу ў Літве, для чаго спакой і строгі парадак у гэтых губернях павінны быць цалкам неадкладна ўстаноўлены, <...> дазволіць Галоўнаму Начальніку края прызначаць, на сваё меркаванне, <...> у адзначаных губернях да выканання абавязкаў часовых ваенных губернатараў <...>»[17]. З аднаго боку расійская ўлада не хацела злучаць шэсць губерняў разам і не прызнавала падобнасць Магілёўскай і Віцебскай губерняў з іншымі губернямі, створанымі з земляў былога Вялікага Княства Літоўскага, а з другога — па прычыне паўстання вымушана была аб'яднаць іх пад адной адміністрацыяй у паўстанчы і пасляпаўстанчы час, чым ускосна прызнавалася наяўнасць еднасці і салідарнасці мясцовага дваранства, якія захаваліся з часоў Вялікага Княства Літоўскага.

Дакумент канцылярыі віленскага ваеннага генерал-губернатара з выкарыстаннем вуглавога штампа «Віленскі ваенны, ковенскі, гродзенскі і мінскі генерал-губернатар з падпарадкаваннем Віцебскай і Магілёўскай губерняў», 9 мая 1863 г.

У гэтай сітуацыі быў прыдуманы новы бюракратычны тэрмін, які па сутнасці падкрэсліваў нежаданне расійскай улады мець злучанымі гэтыя шэсць губерняў (Віленскую, Ковенскую, Гродзенскую, Мінскую, Віцебскую і Магілёўскую губерні). Афіцыйная назва новай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай структуры атрымала з 30 красавіка 1863 г. дзіўную для менавання генерал-губернатарстваў Расійскай імперыі форму: «Віленскае ваеннае губернатарства, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства з падпарадкаваннем Віцебскай і Магілёўскай губерняў». Афіцыйна віленскі ваенны генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў (1796—1866) у 18631864 гг. называўся «Віленскі ваенны губернатар, ковенскі, гродзенскі і мінскі генерал-губернатар і галоўны начальнік Віцебскай і Магілёўскай губерняў». З 1863 г. віленскі ваенны генерал-губернатар (віленскі генерал-губернатар) у афіцыйным справаводстве пачаў стала паралельна называцца як «галоўны начальнік Паўночна-Заходняга края» (ці скарочана як «галоўны начальнік края»[21]), усе шэсць губерняў якога стала пачалі сукупна менавацца як «паўночна-заходнія губерні» («Паўночна-Заходні край»).

У расійскай імперскай ідэалогіі тэрмін «Паўночна-Заходні край» акрамя геаграфічнай прывязкі стала набыў выразную ідэалагічную афарбоўку, фактычна пачаў абазначаць паўночна-заходнюю частку «адзінай Русі» — «Паўночна-Заходнюю Русь» («Паўночна-Заходнюю Расію»), стаў часта і шырока выкарыстоўвацца ў адносінах да літоўска-беларускіх губерняў паводле ідэалогіі «заходнерусізма».

Па прычыне паўстання восенню 1863 г. Аўгустоўская губерня (дзе сялянства было ў асноўным балтамоўнае) у ваенна-адміністрацыйных адносінах была таксама пераведзена пад уладу віленскага ваеннага генерал-губернатара, якому даручалася кіраваць ваеннымі і паліцэйскімі дзеяннямі супраць паўстанцаў. У афіцыйнай поўнай назве віленскага ваеннага генерал-губернатарства гэта ніяк не адлюстравалася. Перавод Аўгустоўскай губерні пад уладу віленскага ваеннага генерал-губернатара быў адным з першых крокаў праекта ўрада аб вылучэнні Аўгустоўскай губерні са складу Царства Польскага, бо, паводле думкі віленскага ваеннага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва, у Аўгустоўскай губерні «насельніцтва больш жмудскае[22] і таму па ўсёй справядлівасці належыць не да Польшчы, а да Літоўскага края»[23]. Да падзелаў Рэчы Паспалітай значная частка тэрыторыі Аўгустоўскай губерні ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Аднак пасля падаўлення ў 1864 г. паўстання верагодны праект рэканфігурацыі меж Царства Польскага быў пакінуты ўрадам[24].

Віленскае генерал-губернатарства (1864—1912)

[правіць | правіць зыходнік]
Палац генерал-губернатара ў Вільні, 1870-ыя гг.

Па жаданні расійскага імператара (1855—1881) Аляксандра II указам Сената ад 25 лютага 1864 г. «Віленскае ваеннае губернатарства, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства» было перайменавана ў «Віленскае, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства»[26] і афіцыйна складалася з Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў. З-за таго, што пад уладай віленскага генерал-губернатара знаходзіліся яшчэ Віцебская і Магілёўская губерні, адміністрацыйна-тэрытарыяльная структура, якая складалася з шасці губерняў (Віленская, Ковенская, Гродзенская, Мінская, Віцебская і Магілёўская губерні), у дакументах пачала менавацца як «Віленскае, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства з падпарадкаваннем Віцебскай і Магілёўскай губерняў», а генерал-губернатар як «віленскі, ковенскі, гродзенскі і мінскі генерал-губернатар і галоўны начальнік Віцебскай і Магілёўскай губерняў».

Палац генерал-губернатара ў Вільні, фота канца XIX ст.

З 1864 па 1884 г. існавала спецыяльная пасада памочніка віленскага генерал-губернатара па грамадзянскай частцы кіравання, бо, нягледзячы на перайменаванне пасады, для генерал-губернатара аднымі з галоўных былі ваенныя функцыі.

Як толькі пагроза новых ваенных выступленняў у Паўночна-Заходнім краі стала ўжо лічыцца малаверагоднай, 27 чэрвеня 1869 г. Магілёўская, а 2 лістапада 1869 г. — Віцебская губерня былі выведзены з-пад улады віленскага генерал-губернатара («из ведения Главного Управления Северо-Западным краем»)[27]. Пасля вылучэння Магілёўскай губерні адміністрацыйна-тэрытарыяльная структура пачала менавацца як «Віленскае, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства з падпарадкаваннем Віцебскай губерні», а генерал-губернатар — як «віленскі, ковенскі, годзенскі і мінскі генерал-губернатар і галоўны начальнік Віцебскай губерні». Пасля вылучэння Віцебскай губерні — як «Віленскае, Ковенскае, Гродзенскае і Мінскае генерал-губернатарства», а генерал-губернатар — як «віленскі, ковенскі, гродзенскі і мінскі генерал-губернатар».

Дакумент канцылярыі віленскага генерал-губернатара з выкарыстаннем вуглавога штампа «Віленскі, ковенскі і гродзенскі генерал-губернатар», 2 сакавіка 1876 г.

Паводле ўказу ад 22 снежня 1870 г. Мінская губерня была вылучана са складу Віленскага генерал-губернатарства, якое доўга пачало ўключаць толькі тры губерні (Ковенскую, Віленскую і Гродзенскую губерні) і афіцыйна менавацца як «Віленскае, Ковенскае і Гродзенскае генерал-губернатарства», а віленскі генерал-губернатар — як «віленскі, ковенскі і гродзенскі генерал-губернатар». Коратка генерал-губернатарства маглі называць як «Віленскае генерал-губернатарства», а генерал-губернатара — як «віленскі генерал-губернатар».

Пасля выхаду з-пад улады віленскага генерал-губернатара ў 1869 г. Магілёўскай і Віцебскай губерняў, а ў 1870 г. — і Мінскай губерні, шэсць літоўска-беларускіх губерняў (Ковенская, Віленская, Гродзенская, Мінская, Віцебская і Магілёўская губерні) працягвалі размоўна і публіцыстычна адносіцца да «паўночна-заходніх», а ўсе шэсць губерняў па ідэалагічных матывах захавалі сукупную назву «Паўночна-Заходні край» аж да падзення расійскага самадзяржаўя ў лютым 1917 г. Неафіцыйна (а часам і ў навуковых і публіцыстычных працах) Віленскае генерал-губернатарства працягвала называцца як «літоўскія губерні», «Літоўскі край» ці «Літва».

З 1884 г. віленскія генерал-губернатары перасталі прызначацца ўладамі паралельна на пасаду начальніка Віленскай ваеннай акругі. Сумяшчэнні гэтых пасад у адной асобе сталі рэдкімі. З 1884 г. таксама перастала існаваць пасада памочніка віленскага генерал-губернатара па грамадзянскай частцы кіравання.

Пры ўпраўленні генерал-губернатара з 1898 г. пачаў дзейнічаць музей Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва — віленскага ваеннага генерал-губернатара, які падавіў паўстанне 1863—1864 гадоў у «Літве». Пры ўпраўленні таксама дзейнічала інспекцыя друкарняў, а ў 19041915 гг. выдаваўся зборнік навуковых прац па статыстыцы, гісторыі, мовазнаўстве, культуры паўночна-заходніх губерняў пад назвай «Виленский временник».

З 1909 генерал-губернатары не прызначаліся. Віленскае генерал-губернатарства было скасавана 1 ліпеня 1912 г.[28], а Ковенская, Віленская і Гродзенская губерні перасталі ўваходзіць у склад якога-небудзь генерал-губернатарства.

Рэзідэнцыя прэзідэнта Рэспублікі Літва (у былым палацы віленскага генерал-губернатара), фасад, фота 2007 г. Рэзідэнцыя прэзідэнта Рэспублікі Літва (у былым палацы генерал-губернатара), задні двор, 2008 г. Рэзідэнцыя прэзідэнта Рэспублікі Літва (у былым палацы генерал-губернатара), задні двор, 2008 г. У аднапавярховым будынку кардэгардыі (злева; цяпер Калонная зала) знаходзіўся музей музей Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва, 2008 г.

Спіс генерал-губернатараў, ваенных губернатараў, ваенных генерал-губернатараў

[правіць | правіць зыходнік]

Літоўскія генерал-губернатары (1794—1801)

[правіць | правіць зыходнік]

Літоўскія ваенныя губернатары (1801—1830)

[правіць | правіць зыходнік]

Віленскія часовыя ваенныя губернатары (1830—1832)

[правіць | правіць зыходнік]

Віленскія ваенныя генерал-губернатары (1832—1864)

[правіць | правіць зыходнік]

Віленскія генерал-губернатары (1864—1912)

[правіць | правіць зыходнік]

Памочнікі віленскага генерал-губернатара па грамадзянскай частцы кіравання (1864—1884)

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 23, №17264; Анішчанка, Я.К. Інкарпарацыя... С. 371.
  2. Паралельна Мікалай Рапнін быў ліфляндскім і эстляндскім генерал-губернатарам, а цалкам князь афіцыйна менаваўся як «Яе Імператарскай Вялікасці, Самаўладцы Усерасійскай генерал-аншэф, Галоўнакамандуючы войскамі, ахапіўшымі Вялікае Княства Літоўскае, сенатар, ліфляндскі, эстляндскі і літоўскі генерал-губернатар, Яе Вялікасці генерал-ад'ютант, палкоў лейб-гвардыі Ізмайлаўскага падпалкоўнік, Таўрычаскага грэнадзерскага шэф, і ордэнаў расійскіх Св. Апостала Андрэя Першакліканага, Аляксандра Неўскага, ваеннага Св. Вялікапакутніка і пабеданосца Георгія і Св. Роўнаапостальнага князя Уладзіміра першых ступеняў, каралеўскага польскага Белага Арла і вялікакняскага Галсцінскага Св. Ганны кавалер». Гл.: Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 23, №17264.
  3. Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 23, №17417.
  4. У 1795—1796 гг. літоўскі генерал-губернатар князь Рапнін ва ўказах Кацярыны ІІ (а пасля і Паўла І) менаваўся часам як віленскі і слонімскі генерал-губернатар. Гл.: Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 23, №17430, 17494, 17519.
  5. Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 24, №17634.
  6. Поўны збор законаў Расійскай Імперыі. Збор першы. Т. 26, №20004.
  7. Указам ад 9 (21) верасня 1801 г. Літоўская губерня падзялялася на «дзве літоўскія» губерні (Віленскую і Гродзенскую губерні), а Беларуская губерня на «дзве беларускія» губерні (Віцебскую і Магілёўскую губерні), якія адразу пачалі пісацца як «Літоўска-Віленская губерня» (ці «Літоўская Віленская губерня»), «Літоўска-Гродзенская губерня» (ці «Літоўская Гродзенская губерня»), «Беларуска-Віцебская губерня» (ці «Беларуская Віцебская губерня») і «Беларуска-Магілёўская губерня» (ці «Беларуская Магілёўская губерня»). Азначэнні «Літоўска-» («Літоўская») і «Беларуска-» («Беларуская») выкарыстоўваліся для абазначэння тапанімічнага характару губерні і часта не ўказваліся. Пасады губернатараў і губернскіх устаноў таксама часта пісаліся з указаннем тапанімічнага характару губерні: «літоўска-віленскі губернатар», «Літоўска-Віленскае губернскае праўленне» і г.д. У афіцыйных назвах пасады генерал-губернатара ці генерал-губернатарства (з пералікам губерняў, якія ў ваходзілі ў склад генерал-губернатарства) азначэнні «Літоўская» ці «Беларуская» у назве губерняў у 1801—1840 гг. не выкарыстоўваліся: напрыклад, «віцебскі, магілёўскі, смаленскі і калужскі генерал-губернатар», «віленскі ваенны, гродзенскі, беластоцкі і мінскі генерал-губернатар» і г.д. Пасля падзелу (паводле таго ж указа ад 9 (21) верасня 1801 г.) Маларасійскай губерні на дзве губерні (Чарнігаўскую і Палтаўскую) яны таксама пэўны час пісаліся як Маларасійска-Палтаўская губерня (альбо «Маларасійская Палтаўская губерня») і Маларасійска-Чарнігаўская губерня («Маларасійская Чарнігаўская губерня»).
  8. Швед, В.В. Губернскі Гродна... С. 5.
  9. Ашмянскі павет у канечным выніку не быў уключаны ў склад Літоўска-Гродзенскай губерні.
  10. Поўны збор законаў Расійскай Імперыі. Збор другі. Т. 5, аддзяленне 2, № 4155.
  11. Поўны збор законаў Расійскай Імперыі. Збор другі. Т. 15, аддзяленне 1, №13678.
  12. Поўны збор законаў Расійскай Імперыі. Збор другі, Т. 17, аддзяленне 2, №16347.
  13. Пад «Польшчай» тады разумелася тэрыторыя былой Рэчы Паспалітай, якая была саюзам Польскага каралеўства («Кароны») і Вялікага Княства Літоўскага («Княства» ці «Літвы»).
  14. Упершыню тэрмін «паўночна-заходнія губерні» ужыты ў афіцыйным заканадаўстве ва ўказе ад 18 снежня 1842, якім праводзілася рэарганізацыя адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Віленскага ваеннага генерал-губернатарства: са складу Віленскай губерні былі вылучаны Ковенскі, Цельшаўскі, Расіенскі, Панявежскі, Вількамірскі і Новааляксандраўскі для стварэння Ковенскай губерні, а Беластоцкая вобласць (1808—1842) уключана ў склад Гродзенскай губерні. (Гл.: Поўны збор законаў Расійскай Імперыі. Збор другі. Т. 17, аддзяленне 2, №16347). Другім разам у Поўным сборы законаў Расійскай Імперыі тэрмін ужываецца ва ўказе Сената ад 27 ліпеня 1843 г. («Аб прывядзені ў дзейнасць Найвысачайшага ўказа 18 снежня 1842 года адносна стварэння ў новым складзе паўночна-заходніх губерняў» — гл.: Поўны збор законаў Расійскай Імперыі. Збор другі. Т. 18, аддзяленне 1, № 17074), а трэцім разам — ужо толькі з 1863 г.
  15. Цьвікевіч, А. «Западно-руссизм»... С. 17; Миллер, А. Формирование наций у восточных славян в XIX в. — проблема альтернативности и сравнительно-исторического контекста Архівавана 5 сакавіка 2016..
  16. Нават пасля паўстання 1863—1864 гадоў, калі тэрмін «Паўночна-Заходні край» пачаў шырока ўжывацца ў заканадаўчых актах, афіцыйных дакументах і публіцыстыцы, тэрмін «Заходні край», які «прыжыўся» у грамадскай свядомасці ў адносінах да генерал-губернатарства з цэнтрам у Вільні, яшчэ часам суадносіўся толькі з Віленскім генерал-губернатарствам. Так, у дванаццатым томе (1894) вядомага і папулярнага энцыклапедычнага слоўніка Бракгауза і Эфрона ў артыкуле «Западный край» указваецца, што тэрмін адносіцца да дзевяці заходніх губерняў Расійскай імперыі — Ковенскай, Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Валынскай, Падольскай і Кіеўскай, але і адзначаецца, што пад Заходнім краем пераважна разумеюцца першыя шэсць губерняў («паўночна-заходніх»). А ў дзявятым томе (1902) выдання «Большая энциклопедия: Словарь общедоступных сведений по всем отраслям знания» пад рэдакцыяй Южакова ўказваецца, што тэрмін «Заходні край» адносіцца да дзевяці заходніх губерняў, а часцей за ўсё — да шасці губерняў (Ковенскай, Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай) ці ўвогуле — да трох (Ковенскай, Віленскай і Гродзенскай), якія складалі Віленскае генерал-губернатарства. Гл.: Западный край // Энциклопедический словарь; изд. Ф.А. Брокгауз… С. 247; Западный край // Большая энциклопедия… С. 507.
  17. а б Поўны збор законаў Расійскай Імперыі. Збор другі. Т. 38, аддзяленне 1, №39561.
  18. Напярэдадні паўстання 1863—1864 гадоў і ў час яго губернатары Ковенскай, Гродзенскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў атрымлівалі статус ваенных губернатараў, падпарадкоўваліся віленскаму ваеннаму генерал-губернатару і менаваліся як «ваенны губернатар горада Коўна і ковенскі грамадзянскі губернатар», «ваенны губернатар горада Гродна і гродзенскі грамадзянскі губернатар» і г.д. Мінскі і віленскі губернатары не атрымалі такога статусу, бо ў Мінскай губерні ўжо дзейнічаў асобны мінскі часовы ваенны губернатар, а ў Віленскай губерні функцыі ваеннага губернатара выконваў сам віленскі ваенны генерал-губернатар.
  19. Віцебская і Магілёўская губерні.
  20. Віленская, Ковенская і Гродзенская губерні.
  21. Неафіцыйна (а часта і ў афіцыйнай перапісцы) у тыя часы генерал-губернатары Расійскай імперыі называліся «галоўны начальнік края» ці «Начальнік края» (па аналогіі як грамадзянскі губернатар часам у афіцыйнай перапісцы называўся «начальнікам губерні», а павятовы маршалак як «начальнік павета», што не выклікала эмоцый).
  22. Генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў выкарыстоўвае тэрмін «жмудзь» (жамойты) у адносінах да балтамоўнага насельніцтва, якое зараз прынята называць «літоўцамі». Цікава, што менавіта на аснове балцкіх гаворак Аўгустоўскай губерні вакол Марыямпале (па сучаснай класіфікацыі — сувалкійская гаворка аўкштайцкага дыялекта літоўскай мовы) пачала з 1880-х гг. стварацца сучасная літоўская літаратурная мова.
  23. Staliunas, D. Making Russians... P. 32; Западные окраины Российской империи... С. 183—184.
  24. Западные окраины Российской империи... С. 183—184.
  25. Прыкметна, што Мінская губерня, якая ў 1861 г. не ўваходзіла ў склад Віленскага ваеннага генерал-губернатарства, названа «літоўскай».
  26. Поўны збор законаў Расійскай Імперыі. Збор другі, Т. 39, аддз. 1, №40635. Тым жа ўказам былі перайменаваны і іншыя ваенныя генерал-губернатарствы і ваенныя губернатарствы Расійскай імперыі.
  27. Поўны збор законаў Расійскай Імперыі. Збор другі. Т. 44, аддзяленне 1, №47251; аддзяленне 2, № 47608.
  28. Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор трэці. Т. 32, аддзяленне 1, №37665.
  29. Часова выконваў абавязкі.
  30. Далгарукаў займаў пасаду віленскага часовага ваеннага губернатара і віленскага ваеннага генерал-губернатара бесперапынна — Віленскае часовае ваеннае губернатарства проста было перайменавана ў Віленскае ваеннае генерал-губернатарства.
  31. Мураўёў займаў пасаду віленскага ваеннага генерал-губернатара і віленскага генерал-губернатара бесперапынна — Віленскае ваеннае генерал-губернатарства проста 25 лютага 1864 г. было перайменавана ў Віленскае генерал-губернатарства.
  32. Нікіцін, які камандаваў войскамі Віленскай ваеннай акругі, часова выконваў абавязкі генерал-губернатара падчас хваробы графа Татлебена.
  • Анішчанка, Я.К. Інкарпарацыя: Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай / Я.К. Анішчанка. — Мінск : Хурсік, 2003. — 470 с.
  • Большакова, О.В. Российская империя: система управления. Современная зарубежная историография: аналитический обзор / О.В. Большакова ; Центр социал. науч.-информ. исслед. Отд. отеч. и зарубеж. истории; Отв. ред. В.М. Шевырин. — М., 2003. — 92 с. [1](недаступная спасылка)
  • Зайончковский, П.А. Правительственный аппарат самодержавной России в XIX в. / П.А. Зайончковский. — М. : Мысль, 1978. — 288 с.
  • Западные окраины Российской империи / Л.А. Бережная [и др.]; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — Москва: Новое литературное обозрение, 2006. — 608 с.
  • Западный край // Энциклопедический словарь; изд. Ф.А. Брокгауз, И.А. Эфрон. — СПб : Тип. И.А. Эфрона, 1894. — Т. XII. — С. 247.
  • Западный край // Большая энциклопедия: Словарь общедоступных сведений по всем отраслям знания; под ред. С.Н. Южакова. — СПб : Тип. Тов-ва «Просвещение», 1902. — Т. 9. — С. 507.
  • Казлоў, Л.Р. Беларусь на сямі рубяжах / Л.Р. Казлоў, А.К. Цітоў. — Мінск : Беларусь, 1993. — 71 с.
  • Кісялёў, Г.В. Віленскае генерал-губернатарства / Г.В. Мальдзіс // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Мн., 1994. — Т. 2. — С. 272—273.
  • Лысенко, Л.М. Губернаторы и генерал-губернаторы Российской империи (XVIII – начало XX века) / Л.М. Лысенко. — М. : МПГУ, 2001. — 2-е изд. — 358 с.
  • Миллер, А. Формирование наций у восточных славян в XIX в. — проблема альтернативности и сравнительно-исторического контекста Архівавана 5 сакавіка 2016. // uchebilka.ru [Электронны рэсурс]
  • Цьвікевіч, А. «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в. / А. Цьвікевіч. — 2-е выд. — Мінск : Навука і тэхніка, 1993. — 352 с.
  • Швед, В.В. Губернскі Гродна: Аповяды з гісторыі горада (канец XVIII — пачатак ХХ ст.) — Гродна, 2002. — 193 с.
  • Staliunas, D. Making Russians. Meaning and Practice of Russification in Lithuania and Belarus after 1863 / D. Staliunas. — Amsterdam—New York : Rodopi, 2007. — 465 s.