Перайсці да зместу

Віктар Отан Каліноўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Віктар Каліноўскі)
Віктар Отан Каліноўскі
Нараджэнне 21 красавіка 1833(1833-04-21)
Смерць 6 лістапада 1862(1862-11-06) (29 гадоў)
Род Каліноўскія
Бацька Сымон Каліноўскі
Маці Вераніка Рыбінская
Адукацыя
Месца працы

Віктар Отан Каліноўскі (21 красавіка 1833, в. Мастаўляны — 6 лістапада 1862, Якушоўка, цяпер Свіслацкі раён) — гісторык, археограф, бібліяфіл, удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху 1860-х г. Старэйшы брат Кастуся Каліноўскага.

Біяграфічныя звесткі

[правіць | правіць зыходнік]

Сярэднюю адукацыю атрымаў у Свіслацкай і Гродзенскай гімназіях. У 1852 паступіў на медыцынскі факультэт  (руск.) Маскоўскага ўніверсітэта. 3 1856 у Пецярбургу.

Па даручэнні Віленскай археалагічнай камісіі працаваў у Імператарскай публічнай бібліятэцы, адшукваў старадаўнія рукапісы па гісторыі Літвы і Беларусі. У 1858-62 адзін з кіраўнікоў нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі, якую складалі выхадцы з Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны ў Пецярбургу. Распаўсюджваў сярод членаў арганізацыі гістарычную літаратуру, займаўся вярбоўкай новых членаў, наладжваў сувязі з рэвалюцыйнымі арганізацыямі Кіева і Масквы.

Супрацоўнічаў са штодзённай польскамоўнай газетай «Słowo» («Слова»), якую выдаваў у 1859 у Пецярбургу І. Агрызка. Восенню 1862 захварэў на сухоты, выехаў да бацькі ў фальварак Якушоўка Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні, дзе і памёр.

Навуковая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

3 1857 падтрымліваў навуковыя сувязі з бібліятэкай Асалінскіх  (руск.) у Львове, з яе супрацоўнікам, а потым дырэктарам А. Бялёўскім  (руск.), дапамагаў яму ў выданні спадчыны гетмана Станіслава Жалкеўскага, навуковай працы «Monumenta Poloniae Historica  (польск.)».

Падчас працы ў Публічнай бібліятэцы складаў генеалагічныя даведкі для прыватных асоб, даследаваў гісторыю ВКЛ, антыпрыгонніцкіх сялянскіх рухаў на Беларусі і Украіне. Падрыхтаваў да друку на рускай мове манаграфію «Уманская разня» пра паўстанне 1768  (руск.) украінскіх сялян у г. Умань (цяпер Чаркаская вобласць, па невядомых прычынах праца не выйшла ў свет). Складальнік «Каталога калекцыі Жэготы Анацэвіча» (СПб., 1859), дзе апісаў першакрыніцы і ў каментарыях выказаў свае погляды па пытаннях беларускай і польскай гісторыі.

Сабраў унікальную бібліятэку, якая налічвала больш за 5000 рукапісаў і кніг, прысвечаных галоўным чынам гісторыі ВКЛ.

Зноскі

  • Календарыюм // «Czasopis» № 04/2003;
  • Кісялёў Г. Героі і музы: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1982;
  • Лушчыцкі І. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX в. Мн., 1958;
  • Нікалаеў М. Браты Каліноўскія і Публічная бібліятэка // Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. Мн., 1990. [Вып. 1];
  • Шалькевич В. Кастусь Калиновский: Страницы биогр. Мн., 1988;
  • Шалькевіч В. Бібліятэка Віктара Каліноўскага // Голас Радзімы. 1992. 5 і 12 сак.;
  • Szalkiewicz W. Z kontaktów naukowych Wiktora Kalinowskiego z Augustem Bielowskim w latach 1857—1861 // Ze skarbca kultury. 1988. Z. 47.