Брацлаўшчына
Брацлаўшчына (укр.: Брацлавщина) — гістарычная вобласць ва ўсходнім Падоллі ў XIV—XVIII стст. Займала тэрыторыю сучаснай Вінніцкай вобласці[1] Украіны, а таксама часткова Чаркаскай, Кіраваградскай і Адэскай абласцей. Назва паходзіць ад горада Брацлаў — яе адміністрацыйнага цэнтра.
У 1362 годзе землі Брацлаўшчыны былі захоплены вялікім князем літоўскім Альгердам. У 1460-х гадах на тэрытарыяльнай аснове Брацлаўшчыны было створана Брацлаўскае ваяводства, якое пасля заключэння Люблінскай уніі адышло да Кароны Польскай. Насельніцтва Брацлаўшчыны актыўна ўдзельнічала ў вызваленчых паўстаннях супраць польскага панавання. Сярод іх варта адзначыць Брацлаўска-Вінніцкае паўстанне, паўстанні Касінскага, Налівайкі, Жмайлы, Федаровіча і Паўлюка. У 1648 годзе на вызваленай ад польскай шляхты Брацлаўшчыне была створана новая адміністрацыйная адзінка — Брацлаўскі полк, казакі якога бралі ўдзел у бітвах паўстання Хмяльніцкага.
Пасля заключэння Андросаўскага перамір'я 1667 года, па ўмовах якога Украіна была падзелена паміж Рускім царствам і Рэччу Паспалітай, Брацлаўшчына, як і ўся Правабярэжная Украіна, адышла да апошняй. Аднак антыпольскія паўстанні не цішэлі. Іх узначальвалі гетман Пётр Дарашэнка, палкоўнікі Андрэй Абазін і Сямён Палій. Апошні быў правадыром буйнога паўстання супраць польскай шляхты. У 1712 годзе пасля падпісання Пруцкага мірнага дагавора Брацлаўскі полк быў скасаваны.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай ў 1793 годзе Брацлаўшчына ўвайшла ў склад Расійскай імперыі і на яе тэрытарыяльнай аснове было створана Брацлаўскае намесніцтва (Брацлаўскі, Вінніцкі, Гайсінскі, Тульчынскі, Ямпальскі, Магілёўскі, Махноўскі, Ліпавецкі, Пяцігорскі, Бершадскі, Літынскі, Хмяльніцкі, Сквірскі паветы). У 1796 годзе (1797) пасля ліквідацыі намесніцтваў у Расіі тэрыторыя Брацлаўшчыны (разам з Падольскім намесніцтвам) увайшла ў склад Падольскай (большай часткай) і Кіеўскай губерняў (Пяцігорскі, Сквірскі, Махноўскі, Ліпавецкі паветы; апошнія — цяпер Вінніцкая вобл.).
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Малахов Д. В. По Брацлавщине. — М.: Искусство, 1982. — 174 с.