Перайсці да зместу

Ігар Аляксандравіч Марзалюк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ігар Аляксандравіч Марзалюк
Дата нараджэння 11 верасня 1968(1968-09-11) (56 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Род дзейнасці палітык, выкладчык універсітэта, гісторык, археолаг, прапагандыст
Навуковая сфера гісторыя[2], археалогія[2], палітыка[2] і прапаганда
Месца працы
Навуковая ступень доктар гістарычных навук (2003)
Навуковае званне
Альма-матар
Навуковы кіраўнік Георгій Васілевіч Штыхаў
Партыя
Член у
Узнагароды
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

І́гар Алякса́ндравіч Марзалю́к (нар. 11 верасня 1968, Краснаполле, Магілёўская вобласць) — беларускі гісторык і археолаг, палітык, прыхільнік і прапагандыст рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі[3]. Член-карэспандэнт НАН Беларусі (2019), доктар гістарычных навук (2003), прафесар.

Паводле словаў самога Марзалюка, па кудзелі ён паходзіць з «польскай каталіцкай шляхты» Мсціслаўскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага і ганарыцца сваімі польскімі каранямі[4].

Пра сваю культурную ідэнтычнасць Ігар Марзалюк адзначыў у 2013 годзе:[5]

" Для мяне беларушчына — неад'емны складнік маёй культурнай ідэнтычнасці. Быць беларусам было натуральна і арганічна з самага дзяцінства. У мяне была беларускамоўная вясковая школа, дзед — член Таварыства беларускай школы. І «нашаніўскія» выданні я пабачыў не ў музеі, а на кніжнай палічцы майго дзеда. "

У 1992 годзе скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Завочна скончыў аспірантуру. У 1996 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Магілёў у XII—XVIII стст. (па матэрыялах археалагічнага даследавання і пісьмовых крыніц)» (навук. кіраўнік — Г. В. Штыхаў). Працаваў археолагам у Магілёўскай архітэктурна-рэстаўрацыйнай фірме «АРТ-М». З 1996 па 1999 год старшы выкладчык кафедры філасофіі, а з 1999 па 2002 гг. — дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ імя А. А. Куляшова. У 1990-х гадах быў членам апазіцыйнай да Аляксандра Лукашэнкі партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, насіў значок з бела-чырвона-белым сцягам[6].

У 2003 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы насельніцтва беларускіх зямель у X—XVII стст.». Называў сябе самым маладым доктарам гістарычных навук[7] (насамрэч такім быў Дзяніс Дук). У 2004—2016 гадах загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ імя А. А. Куляшова. З восені 2016 года — дэпутат, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па навуцы, культуры і адукацыі.

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь V склікання (2012—2016, пастаянная камісія па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы). З 2016 — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання, старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы.

27 жніўня 2020 годзе паведаміў, што ў яго здарыўся мікраінсульт. Праблемы са здароўем, заявіў Марзалюк, праявіліся пасля атрыманых пагроз: «Як тут не хвалявацца, калі адраджэнцы ў тэлеграме жадаюць смерці, смерці сям’і, пагражаюць забойствамі… Калі гэта дэмакратыя, то супраць такой дэмакратыі я гатовы ісці са зброяй у руках». Перад тым у СМІ з’явілася відэа, дзе Марзалюк ідзе хістаючыся па горадзе[8].

У 2024 годзе стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VIII склікання ад Магілёўскай-Ленінскай акругі № 84. Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, член Савета Палаты прадстаўнікоў[9].

Жанаты з Аленай Марзалюк, старшай навуковай супрацоўніцай Магілёўскага гістарычнага музея. Сын — Альгерд (нар. 2002)[6].

Працоўная і навуковая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Займаўся археалагічнымі раскопкамі на Магілёўшчыне, вёў даследчыцкую работу ў архівах Магілёва, Мінска, Вільнюса. Удзельнічаў у навуковых канферэнцыях і чытаў лекцыі па гісторыі Беларусі ў Польшчы, Германіі і Чэхіі. Узначальвае абласную грамадскую арганізацыю «Магілёўскае краязнаўчае таварыства».

Аўтар даследаванняў па гісторыі Магілёва, у т.л. кнігі «Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах» (1997, у сааўтарстве з А. Р. Агеевым і І. А. Пушкіным; 2-е выд. перапрац. і дап. 1999). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Гісторыя рэлігіі Беларусі (10—18 ст.)» (1997), манаграфіі «Магілёў у 12—18 ст. Людзі і рэчы» (1998).

У ліпені 2014 Марзалюк паведаміў, нібы знайшоў «берасцяную грамату»[10]. Але вучоныя не прызнаюць гэты прадмет граматай, бо на ім не відаць ніводнай літары.

Палітычная дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]
Вонкавыя відэафайлы
Ігар Марзалюк пра «Дэкрэт № 3» падчас «маршу» ў Магілёве
Вонкавыя відэафайлы
Ігар Марзалюк слухае А. Лукашэнку

Неаднаразова выказваўся ў падтрымку «Дэкрэта аб дармаедстве»[11].

9 сакавіка 2017 г. прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў чыноўнікаў і дэпутатаў (у тым ліку, мясцовых саветаў), каб яны актыўней працавалі з насельніцтвам адносна выканання прэзідэнцкага дэкрэта № 3[12]. 15 сакавіка 2017 г. у Магілёве падчас несанкцыянаванага пратэсту людзей (500—700 чал.[13]) супраць прэзідэнцкага дэкрэта № 3, Ігар Марзалюк як мясцовы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу актыўна выступаў перад прысутнымі пратэстуючымі, абяцаючы, што «рэзка будзе пашыраны пералік людзей, якія маюць права не плаціць збор» і да 25 сакавіка 2017 г. з дэкрэта № 3 «усю дурасць прыбяруць»[14]. Магілёўскі праваабаронца Аляксандр Хамратаў звярнуўся ў суд Ленінскага раёна г. Магілёва па тлумачэнні, чаму Ігар Марзалюк не прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, бо Марзалюк, паводле слоў Хамратава, нанёс яму «маральную шкоду» і ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу[15]. Ленінскі РАУС г. Магілёва адмовіў у прэтэнзіях, бо ў дзеяннях дэпутата Марзалюка «адсутнічае склад правапарушэння». У адказ на запыт, чым адрозніваюцца паводзіны пратэстуючых на несанкцыянаваным мітынгу і дэпутата парламента, Упраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама паведаміла, што «ў абавязкі органаў унутраных спраў не ўваходзіць тлумачэнне дзейнага заканадаўства і юрыдычная кансультацыя», таму дэпутат Марзалюк не быў прыцягнуты да адказнасці[15].

У пачатку красавіка 2017 г., у адказ на зварот да яго магілёўскіх праваабаронцаў аб дапамозе ў вызваленні і рэабілітацыі асуджаных удзельнікаў акцыі, Ігар Марзалюк паведаміў, што накіраваў запыт начальніку УУС Магілёўскага аблвыканкама «з просьбай інфармавання аб прычынах затрымання» ўдзельнікаў праведзенага 15 сакавіка ў Магілёве «Маршу недармаедаў». У сваім адказе Марзалюк таксама піша, што калі затрыманыя парушылі заканадаўства, то адміністрацыйнае спагнанне, накладзенае на іх, правамернае, і меры па іх вызваленні і рэабілітацыі не могуць быць прынятыя. Адказ Марзалюк даў на рускай мове, нягледзячы на тое што заканадаўства аб зваротах грамадзян абавязвае даваць адказ на мове звароту, у гэтым выпадку беларускай[13].

19 красавіка 2019 года, падчас штогадовага паслання прэзідэнта Беларусі вельмі эмацыйна адрэагаваў на словы прэзідэнта аб суверэнітэце рэспублікі: ён плакаў, энергічна ківаў і апладзіраваў[16]. 6 мая 2019 года дэпутат ўрачыста адкрыў немудрагелістыя металічныя парэнчы на тэрыторыі гарадскога парку напярэдадні Дня Перамогі[17][18].

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі (2020) выказаўся наконт перадвыбарнай кампаніі часткі альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на статус кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, назваўшы іх вестунамі грамадзянскай вайны, якім не патрэбна спакойная сацыяльная эвалюцыя, не патрэбна моцная, па сапраўднаму суверэнная беларуская дзяржава.

" Ім не патрэбны выбары — ім патрэбны фарс і памнажэнне нянавісці. Наша задача, задача патрыётаў, задача беларускіх дзяржаўнікаў, спыніць іх. Паказаць і ім, і іх замежным куратарам, што канстытуцыйны лад Беларусі нельга змяніць пры дапамозе гвалту, пры дапамозе перавароту [19]. "

Тады ж, напярэдадні выбараў, назваў затрыманых у Мінску байцоў групы «Вагнер» «засланымі прафесійнымі забойцамі і правакатарамі»[20].

15 сакавіка 2021 года ўвайшоў у склад Канстытуцыйнай камісіі, якая ў мэтах ажыццяўлення рэзалюцыі шостага Усебеларускага народнага сходу распрацоўвала прапановы па змяненні Канстытуцыі Беларусі і забяспечвала іх «усенароднае абмеркаванне»[21].

Гістарычныя погляды

[правіць | правіць зыходнік]

У 2019 годзе ў артыкуле «Настаўніцкай газеты» ахарактарызаваў паўстанне 1863—1864 гадоў выключна польскім, а Кастуся Каліноўскага назваў носьбітам польскага нацыяналізму[22]. У сакавіку 2019 года ў інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1» выказаўся пра асобу Кастуся Каліноўскага: «Ёсць фігуры, якія могуць быць культавымі для нейкай субкультуры. Але чалавек, які называе, скажам, праваслаўе „сабачай верай“ (калі ў нас 80 % праваслаўных), ці можа такі чалавек быць нацыянальным героем краіны?»[23][24].

У красавіку 2019 года падтрымаў знос крыжоў у Курапатах: «У межах зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці, паводле беларускага заканадаўства, без дазволу Міністэрства культуры нельга ўзводзіць спаруды… У нас перад Вялікаднем прынята наводзіць парадак на месцах смутку, на месцах, дзе сапраўды загінулі людзі»[25].

9 лістапада 2020 года ў эфіры Сталічнага тэлебачання сцвярджаў, што «… казкі пра беларускіх князёў з павязкамі — гэта легенда аўстрыйская, пра аўстрыйскі чырвона-бела-чырвоны, украдзеная беларускімі нацыяналістамі ў пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя і ўведзеная ў іх кніжачку. Калі казаць пра бел-чырвона-белы, то ён узнік у 1917 годзе. Чырвоная паласа з’явілася для таго, каб сімвалізаваць лютаўскую рэвалюцыю. На жаль, самая вялікая трагедыя гэтага палотнішча бел-чырвона-белага — гэта тое, што яго сапраўды выкарыстоўвалі беларускія нацыяналісты-калабарацыяністы, якія бралі ўдзел у супрацоўніцтве з нацыстамі». Сцвярджаў таксама, што лозунг «Жыве Беларусь», "… калі мы кажам не пра словаспалучэнне, а пра прывітанне, то мы адкрываем статут Саюза беларускай моладзі і бачым, што калі вы ніжэй па статусу, вы падыходзіце да старэйшага і вітаецеся: «Жыве Беларусь», прычым выкідваеце руку — зігуеце. А вам у адказ ваш начальнік лаканічна адказвае: «Жыве»[26].

У 2022 годзе адзначалася тэндэнцыйнасць выказванняў Ігара Марзалюка пра Наталлю Арсенневу[27] і рэакцыю беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў на «вызваленчы паход Чырвонай арміі» 1939 года ў Заходнюю Беларусь[28]. Паводле палітолага Вольфа Рубінчыка, пачынаючы з 2010-х гадоў Марзалюк — больш прапагандыст, чым даследчык[27].

У 2023 годзе ў перадачы дзяржаўнага тэлебачання падаў непраўдзівыя звесткі пра нібыта ўжыванне беларускага бела-чырвона-белага сцяга ў злачынствах Другой сусветнай вайны. Марзалюк паказаў вядомае фота з акругі Галіцыя на мяжы з Румыніяй, знятае 11 траўня 1943 года, якое змяшчае выяву здзекаў нацыстаў з яўрэяў перад расстрэлам, пры гэтым у аднаго з нацыстаў на чорна-белым фота павязка з трох ліній. Па словах жа Марзалюка, гэта фота з Беласточчыны, а на руцэ ў карнікаў бела-чырвона-белы сцяг[29].

Грамадзянская пазіцыя

[правіць | правіць зыходнік]

У 2016 годзе ў інтэрв’ю «Радыё Свабода» выказаўся ў гамафобным духу[30]:

" Я выступаю за смяротнае пакаранне. Я выступаю катэгарычна супраць абортаў. Я катэгарычна супраць прапаганды гомасексуалізму. Я не лічу, што перверсія і дэвіяцыя павінны лічыцца нормай. Я хрысціянін, я за традыцыйную, нармальную сістэму каштоўнасцей. Я хачу, каб Беларусь заставалася цэнтрам нармальнай хрысціянскай ідэнтычнасці. І самае парадаксальнае, што мы са сваёй постсавецкай спадчынай і неасавецкай спадчынай — захоўваем традыцыйнае праваслаўе, традыцыйны каталіцызм, традыцыйны пратэстантызм.

Мяне ванітуе ад слова «гендар», «гендарны баланс». Феміністкі — гэта жанчыны, у якіх ня склалася асабістае жыццё. Альбо гэта латэнтныя лесбіянкі, альбо гэта людзі, якія не рэалізавалі сябе ў жыцці. Няма фемінізму і гендара. Ёсць полавая ідэнтычнасць.

"

У лютым 2023 года на дзяржаўным тэлеканале СТБ выказаўся за «пазітыўную дыскрымінацыю» рускай мовы на карысць беларускай. Прапанаваў выкладаць гуманітарныя прадметы ў школах па-беларуску. За што быў раскрытыкаваны прарасейскімі актывістамі рэжыму Лукашэнкі[31].

Узнагароджаны ордэнам Пашаны (2019)[32], медалём «За працоўныя заслугі», нагрудным знакам Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі», ганаровымі граматамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Савета Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, медалём «За ўмацаванне парламенцкага супрацоўніцтва» Савета Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў[33].

Выбраная бібліяграфія

[правіць | правіць зыходнік]
  • Магілёў у XII — XVIII стст. Людзі і рэчы / І. А. Марзалюк. — Магілёў; Мінск: Веды, 1998.
  • Людзі даўняй Беларусі: этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (X — XVII стст.) / І. А. Марзалюк. — Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшова, 2003. — 324 с.
  • Міфы «адраджэнскай» гістарыяграфіі Беларусі: манаграфія / І. А. Марзалюк. — Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшова, 2009. — 148 с.
  • Сімптомы «пажаданай гісторыі» / І. Марзалюк // ARCHE. — 2008. — № 3. — С. 37—52.
  • У абарону праўдзівай гісторыі Новагародка Архівавана 5 сакавіка 2016. / І. Марзалюк // Беларуская думка. — 2013. — № 11. — С. 88—95.
  • Успаміны пра Сяргея Рассадзіна / І. Марзалюк, Т. Маслюкоў // Маладосць. — 2017. — N 12. — С. 134—135.

Зноскі

  1. Czech National Authority Database Праверана 8 чэрвеня 2022.
  2. а б в Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  3. Дзьмітры Гурневіч. Дэпутат Марзалюк 13 хвілінаў бараніў на СТВ «Пагоню». Але ёсьць нюанс (бел. (тар.)). svaboda.org (21 лістапада 2022).
  4. Марзалюк, І. Сімптомы «пажаданай гісторыі» // ARCHE № 3 (66), сакавік 2008. — С. 52.
  5. Лукашук, З. «Адкрыю страшэнную тайну — большасць сенатараў добра гавораць на мове»
  6. а б БЧБ-сьцяжок на пінжаку, сын Альгерд. Расказваем гісторыю любімага гісторыка Лукашэнкі (бел. (тар.)). svaboda.org (2 студзеня 2023).
  7. «Мсціслаўшчына — адна з важнейшых, жыватворных крыніц нашай гісторыі…»(недаступная спасылка)
  8. Памятаеце тое відэа, дзе дэпутат Марзалюк блукае па горадзе ў дзіўным стане? Ён кажа, што перанёс інсульт на нагах // nn.by 27 жніўня 2020
  9. Біяграфія на сайце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
  10. Будзьма.бай
  11. Два депутата парламента из Могилева ответили на обращения против налога на тунеядство (руск.). tut.by (13 снежня 2016). Архівавана з першакрыніцы 21-4-2019. Праверана 21-4-2019.
  12. Виновными за ситуацию с декретом № 3 Лукашенко назвал «ответственных чиновников»
  13. а б Дэпутат Марзалюк запытаў начальніка Магілёўскай абласной міліцыі, чаму затрымалі ўдзельнікаў «Маршу недармаедаў»
  14. «Всю дурость уберут». Марзалюк на «Марше нетунеядцев» рассказал, когда изменят декрет № 3 Архівавана 19 сакавіка 2017.
  15. а б У Магілёве запатрабавалі прыцягнуць дэпутата Марзалюка да адказнасці(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 красавіка 2017. Праверана 14 красавіка 2017.
  16. Растроганный депутат Марзалюк стал любимцем социальных сетей – видео (руск.). Sputnik (19 красавіка 2019). Праверана 18 студзеня 2021.
  17. В Могилеве торжественно открыли перила (руск.). Onliner.by (7 мая 2019). Праверана 18 студзеня 2021.
  18. «Небольшой подарок»: в Могилёве обустроили спуск в городском парке (руск.)(недаступная спасылка). СТБ (6 мая 2019). Архівавана з першакрыніцы 20 студзеня 2021. Праверана 18 студзеня 2021.
  19. Вестуны грамадзянскай вайны // belta.by 31 мая 2020
  20. «Дети наши прокатались как сыр в масле». Как губернатор и депутат агитировали за Лукашенко (руск.). ex-press.live (4 жніўня 2020). — «І самае страшнае, што можа быць, — гэта кроў на вуліцах рукамі засланых прафесійных забойцаў і правакатараў, якіх вы ўчора пабачылі ва ўсёй прыгажосці. Трынаццаць з іх — у спісе Iнтэрпола за свае подзвігі ў розных кропках зямнога шара. Падрыўнікі, снайперы, айцішнікі…»  Праверана 21 лютага 2024.
  21. Указ Президента Республики Беларусь 15 марта 2021 г. № 105 «О Конституционной комиссии» (руск.). Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь (17 сакавіка 2021). Праверана 20 сакавіка 2021.
  22. Марзалюк у «Настаўніцкай газеце»: Паўстанне 1863 года было польскім, а Каліноўскі быў польскім нацыяналістам. history.nashaniva.by. Архівавана з першакрыніцы 8-4-2019. Праверана 8-4-2019.
  23. Марзалюк: той, хто называў праваслаўе «сабачай верай», ня можа быць нацыянальным героем (бел. (тар.)). svaboda.org (17 сакавіка 2019). Архівавана з першакрыніцы 8-4-2019. Праверана 8-4-2019.
  24. Інтэрв’ю са старшынёй пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. tvr.by. Праверана 8-4-2019.
  25. Дэпутат Марзалюк назваў знос крыжоў у Курапатах навядзеньнем парадку перад Вялікаднем (бел. (тар.)). svaboda.org (7 красавіка 2019). Архівавана з першакрыніцы 8-4-2019. Праверана 8-4-2019.
  26. Игорь Марзалюк: человек может поменять политическую точку зрения, но не в тот момент, когда происходит какое-то испытание Архівавана 9 лістапада 2020.
  27. а б https://belisrael.info/?p=31516
  28. https://belisrael.info/?p=31907
  29. Марзалюк паказаў «сведчанне злачынстваў пад бела-чырвона-белым сцягам». Але гэта хлусня — вось што на фота. nashaniva.com (10 ліпеня 2023).
  30. Прафэсар Марзалюк ня будзе прымушаць дэпутатаў Палаты размаўляць па-беларуску
  31. Марзалюк супраць «блогераў-псеўдапатрыётаў»: хто каго?. novychas.online (22 лютага 2023).
  32. Лукашэнка ўзнагародзіў Марзалюка ордэнам Пашаны
  33. Марзалюк Ігар Аляксандравіч