Ламу (архіпелаг)
Ламу | |
---|---|
суахілі Lamu | |
Характарыстыкі | |
Найбуйнейшы востраў | востраў Патэ |
Агульная плошча | 195,3 км² |
Насельніцтва | 101 539 чал. (2009) |
Шчыльнасць насельніцтва | 519,91 чал./км² |
Размяшчэнне | |
2°06′12″ пд. ш. 41°01′14″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Індыйскі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ламу (суахілі: Lamu) — архіпелаг у Індыйскім акіяне ля ўзбярэжжа Афрыканскага кантынента. Уваходзіць у склад Кеніі. Адміністрацыйны цэнтр і самы вялікі горад — Ламу. Агульная плошча — 195,3 км². Насельніцтва разам з усёй акругай (2009) — 101 539 чалавек.[1]
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Архіпелаг Ламу месціцца ў Індыйскім акіяне ля самага паўночна-усходняга ўзбярэжжа Кеніі, у 470,84 км на паўднёвым усходзе ад Найробі, у 6371 км ад Мінска. Аддзелены ад Афрыканскага кантынента вузкімі пралівамі. Найбуйнейшыя астравы — Патэ, Ламу і Манда.
Астравы маюць часткова мацерыковае, часткова каралавае паходжанне. Клімат экватарыяльны пасатны, даволі засушлівы. Сезон мусонаў цягнецца з красавіка да ліпеня, але нават у самыя дажджлівыя месяцы ападкі працягваюцца толькі 2 — 4 дні. Усяго выпадае каля 500 мм у год. Сярэднегадавая тэмпература 23 — 28 °C[2].
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Прырода Ламу значна зменена чалавекам, аднак архіпелаг знакаміты сваімі мангравымі лясамі, а таксама біялагічнай разнастайнасцю мясцовых каралавых рыфаў.
На вялікіх астравах шмат культурных раслін. Пераважаюць какосавая пальма, гваздзіковае дрэва, тытунь, бананы і інш. Мясцовае насельніцтва ашчадна ставіцца да навакольнага асяроддзя. На Ламу абмежавана колькасць аўтамабільных сродкаў і свойскай жывёлы.
На малых астравах захаваліся першародныя зарасці хмызнякоў-ксерафітаў, ліян і алоэ. Тут гняздуюць шматлікія птушкі. Мангры — прыбежышча марскіх чарапах, дзюгоняў і рыб.
На тэрыторыі архіпелага Ламу і суседніх землях (усяго 50 каралавых астраўкоў, каля 270 км²) створаны Нацыянальны марскі запаведнік Кіунга[3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Гісторыя архіпелага Ламу шчыльна звязана з лёсам усёй цывілізацыі суахілі. Ён быў паўночнай зонай тэрыторыі фарміравання гэтага народа. Ужо ў другой палове 1 тысячагоддзя н. э. Ламу з’яўляўся гандлёвым цэнтрам, адкуль у арабскія краіны і Індыю вывозіліся афрыканскія тавары. Акрамя золата і слановай косці, іншаземныя гандляры цікавіліся мясцовым жалезам. У гэты перыяд на ўзбярэжжы Афрыкі ўзнікла вялікая колькасць плавільняў. Значна пазней галоўнымі таварамі сталі чарнаскурыя рабы і спецыі.
Паводле летапіснай традыцыі, Ламу быў адным з месцаў, каланізаваных сірыйскімі арабамі на чале халіфа Абд аль-Маліка ібн Марвана, што прыбылі ва Усходнюю Афрыку ў 696 г. На архіпелагу ўтварылася два дзяржаўных фарміравання на астравах Ламу і Патэ. У 1204 г. на Патэ зацвердзілася арабская дынастыя Набхані. Яна кіравала да 1866 г. Сулейман Набхані, легендарны заснавальнік дынастыі, ажаніўся з дачкой суахілійскага ўладара і атрымаў у спадчыну валадарскі тытул фумамары. Яго нашчадак Умары ў сяр. XIV ст. захапіў значную частку ўзбярэжжа Ўсходняй Афрыкі. Ён садзейнічаў развіццю міжнароднага гандлю. У гэты час караблі суахілі дасягалі не толькі Індыі, але і Кітая[4]. Мяркуецца, што ў XV ст. архіпелаг наведваў флот Чжэн Хэ[5]. У 1441 г. з’явілася першае пісьмовая ўзгадка горада Ламу ў сувязі з наведваннем мясцовым суддзём Мекі.
У 1506 г. архіпелаг трапіў пад кантроль партугальцаў, якія захавалі мясцовыя дынастыі, аднак манапалізавалі прыморскі гандаль і такім чынам выклікалі эканамічны заняпад. У 1580-ых гг. жыхары архіпелага падтрымалі рэйды турэцкага флоту супраць партугальцаў, на што тыя адказалі крывавымі рэпрэсіямі супраць мясцовага насельніцтва. У XVII ст. кіраўнікі дзяржаў Ламу звярнуліся за падтрымкай да Аманскага султаната. У 1652 г. аманская эскадра выгнала хрысціян. У 1678 г. партугальцы разбурылі Патэ, але вярнуць кантроль у свае рукі не здолелі.
Пасля выгнання партугальцаў мясцовыя землі трапілі ў залежнасць ад Амана. Горад Ламу выступаў як галоўны саюзнік султана, таму карыстаўся значнымі прывілеямі. Гэта стымулявала хуткае развіццё рамяства і гандлю, а таксама значны культурны ўздым[6]. У XVIII — XIX стст. асноўнай крыніцай прыбыткаў стаў гандаль рабамі.
У другой палове XVIII ст. Аман быў уцягнуты ў барацьбу супраць Ірана і Мамбасы. Жыхары Патэ выступілі на баку супернікаў Амана, што прывяло да ўзброеных сутыкненняў з горадам Ламу і дзвюх войнаў з арабамі, якія скончыліся толькі ў другой палове XIX ст. фактычнай паразай Патэ. Горад Ламу захаваў прыхільнасць да султаната нават пасля таго, як яго цэнтр перамясціўся з Амана ў Занзібар, што забяспечыла далейшы росквіт горада. У 1813—1821 гг. у Ламу была пабудавана крэпасць, якая захавалася да нашага часу[7].
У 1890 г. узбярэжжа сучаснай Кеніі трапіла пад пратэктарат Вялікабрытаніі. Архіпелаг Ламу быў фактычна зачынены для іншаземцаў. У 1907 г. было адменена рабства, што прывяло да новага эканамічнага заняпаду.
У 1963 г. астравы Ламу ўвайшлі ў склад незалежнай Кеніі.
У 2001 г. горад Ламу трапіў ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]Архіпелаг Ламу ўваходзіць у склад аднайменнай акругі (district) Кеніі з цэнтрам у горадзе Ламу. Карэннымі жыхарамі з’яўляюцца суахілі, аднак у апошнія дзесяцігоддзі этнічны склад мясцовага насельніцтва значна павялічыўся за лік прадстаўнікоў прыбярэжных плямёнаў. Дамінуючая рэлігія — іслам.
Традыцыя заняткі — рыбалоўства, будаўніцтва лодак і земляробства. Апошняму перашкаджае нястача прэснай вады, для здабычы якой будуюцца назапашвальнікі дажджавой вільгаці джабія. Значную ролю ў эканоміцы адыгрывае турызм. Аднак пасля захопу на Ламу самалійскімі піратамі ў 2011 г. грамадзянкі Францыі колькасць замежных наведвальнікаў значна скарацілася.
Выкарыстанне аўтамабільнага транспарту на астравах абмежавана. Значна большую ролю адыгрывае марскі транспарт, у прыватнасці лодкі мясцовых жыхароў. На востраве Манда дзейнічае аэрапорт.
На архіпелагу існуе нястача медыцынскага персаналу. Распаўсюджаны малярыя і інфекцыйныя захворванні скуры.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]Архіпелаг Ламу прыцягвае пясчанымі пляжамі, мангравымі лясамі і добра захаванай традыцыйнай культурай. Старая частка горада Ламу ўнесена ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Тут дзейнічае музей, і знаходзіцца крэпасць XIX ст.
Старыя кварталы таксама захаваліся ў паселішчах Сію, Фаза і Патэ на востраве Патэ. Каля Сію існуюць рэшткі яшчэ адной арабскай крэпасці. На востраве Манда — руіны XV — XVII стст.
Зноскі
- ↑ The Republic of Kenya administrative units
- ↑ Climate indicators in LAMU
- ↑ Kiunga National Marine Reserve Архівавана 17 студзеня 2013.
- ↑ Кулик С. Черный феникс. Африканское сафари. — М.: Армада-пресс, 2001. — С. 357—364
- ↑ Sea hunt for ancient Chinese ship off African coast
- ↑ Lamu History / Lamu Culture Архівавана 6 снежня 2013.
- ↑ LAMU FORT HISTORICAL BACKGROUND Архівавана 23 красавіка 2013.