Геральдычны шчыт
Геральды́чны шчыт[1], або та́рча — галоўны элемент герба, на якім размяшчаецца гербавая выява[2] . Часцей за ўсё стаіць у гербе проста, але можа быць нахіленым, звычайна ў правы бок і зрэдку — у левы. Часам сустракаецца перакулены шчыт[3].
Першапачаткова шчыт быў часткай узбраення рыцара, якая надзявалася на левую руку і абараняла цела і галаву ад паражэння халоднай зброяй[2] .
Форма геральдычнага шчыта знаходзіцца ў цеснай сувязі з часам стварэння герба. Яна можа быць гатычнай, рэнесанснай, барочнай, ракаковай і класічнай. Дэкаратыўная форма шчыта носіць назву картуш[2] . Назвы тыпаў гербавых шчытоў утвораны ад тых краін, дзе яны атрымалі найбольшае распаўсюджанне[1].
Бакі шчыта вызначаюцца з пункту гледжання рыцара, які яго нясе, гэта азначае, што бок злева лічыцца правым, а бок справа — левым. Пры гэтым увесь рух у гербе і яго кампазіцыі павінен накіроўвацца ў правы бок, рух у левы бок, насустрач ворагу, недапушчальны[3].
Найбольш шанаванымі і пачэснымі з’яўляюцца правы бок і верхняя частка герба[3]. Гербавае поле шчыта можа мець розныя падзелы.
Тэрмін
[правіць | правіць зыходнік]Пры апісанні галоўнага герба ў беларускіх крыніцах пашырана выкарыстанне тэрміна «шлем», але для старабеларускай мовы і геральдычнай тэрміналогіі Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст. больш характэрным было слова «тарча». Слова «тарча» трапіла ў старабеларускую мову праз польскую мову (tarcza) з нямецкай (tarschen)[3].
На думку геральдыста Анатоля Цітова, тэрмін «шчыт» у пазнейшы час выціснуў назву «тарк», як у некаторых краінах называецца турнірны шчыт, альбо «тарч». Гэта тлумачыцца, з аднаго боку, русіфікацыяй тэрміналогіі, а з другога, занядбанасцю ў савецкія часы гістарычных дысцыплін, у тым ліку і геральдыкі. Адсутнасць нацыянальнай школы геральдыкі спрыяла росту запазычанняў тэрміналогіі ў суседзяў, галоўным чынам, у Расіі[2] .
Геральдыст Аляксей Шаланда называе тэрмін «тарк», які з лёгкай рукі А. Цітова пайшоў гуляць па беларускіх геральдычных даследаваннях, штучным і памылковым[3]. Тэрмін жа «шчыт», на яго думку, можа быць выкарыстаны толькі ў выпадку апісання цэнтральнага шчыта складанага шматчасткавага герба (фр.: ecu en coeur) або нейкіх гербаў, якія змяшчаліся на грудзях галоўных гербавых выяў, напрыклад, арлоў у Радзівілаў, князёў Палубенскіх, Падбярэзінскіх і інш., замест не зусім удалага тэрміна «шыльд», таксама ўведзенага А. Цітовым[3].
Формы шчыта
[правіць | правіць зыходнік]Шчыт | Назва | Апісанне |
---|---|---|
Нарманскі[1][3] або старажытны французскі[3] | Востраканцовы трохвугольны шчыт. З’яўляецца найбольш старажытнай формай геральдычнага шчыта[3] | |
Новы французскі[3] | Чатырохвугольнік, завостраны ўнізе. З’яўляецца найбольш папулярнай формай геральдычнага шчыта[3] | |
Іспанскі[1][3] | Прамавугольны шчыт, закруглены ўнізе[3] | |
Англійскі[3] | Чатырохвугольнік, завостраны ўнізе, з хвалепадобнымі выразамі верхняга краю або падоўжаннем верхніх краёў, якія ўтвараюць невялікія выступы[3] | |
Італьянскі[1][3] | Авальны шчыт[3] | |
Нямецкі[1][3] | Шчыт з выразаным правым бокам і ўвогуле складанай формы[3] | |
Дамскі[1] | Ромбавы шчыт[3] |
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё Герб // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 171-172. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
- ↑ а б в г Цітоў А. К. Геральдыка Беларусі. — Мн.: МФЦП, 2010.— 144 с.: іл. ISBN 978-985-454-500-4.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у Аляксей Шаланда. Таямнічы свет беларускіх гербаў: Шляхецкая геральдыка Вялікага княства Літоўскага. — Мінск: Янушкевіч. — 220 с., [12] л. іл. с. — ISBN 978-985-90346-1-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Геральдычны шчыт