Музей
Музей (ад грэч. Μουσεῖον - дом муз) — установа, якая займаецца збіраннем, вывучэннем, захоўваннем і экспанаваннем прадметаў - помнікаў натуральнай гісторыі, матэрыяльнай і духоўнай культуры, а таксама асветніцкай і папулярызатарскай дзейнасцю.
Спачатку гэта паняцце азначала калекцыю прадметаў (экспанатаў) па мастацтве і навуцы, затым, з XVIII стагоддзя, яно ўключае ў сябе таксама будынак, дзе размяшчаюцца экспанаты. З XIX стагоддзя далучылася навукова-даследчая работа, якая праводзіцца ў музеях. А з шасцідзесятых гадоў XX стагоддзя пачалася педагагічная дзейнасць музеяў (спецыяльныя праекты для дзяцей, падлеткаў і дарослых).
З развіццём камп'ютэрнай тэхнікі і Інтэрнэту з'явіліся таксама віртуальныя музеі на CD-ROM або ў Інтэрнэце.
У 1946 годзе была створана міжнародная арганізацыя ICOM (анг. International Council of Museums) для падтрымкі і развіцця дзейнасці музеяў. Гэтая арганізацыя ўключае ў сябе больш за 27 000 удзельнікаў з 115 краін свету і цесна працуе з ЮНЕСКА і іншымі міжнароднымі арганізацыямі.