Перайсці да зместу

Наталля Аляксееўна Арсеннева

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Наталля Арсеннева
Са зборніка вершаў «Пад сінім небам». Вільня. 1927
Са зборніка вершаў «Пад сінім небам». Вільня. 1927
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 20 верасня 1903(1903-09-20)
Месца нараджэння
Дата смерці 25 ліпеня 1997(1997-07-25) (93 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Муж Францішак Кушаль
Дзеці Яраслаў Кушаль[d] і Уладзімір Кушаль[d]
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці мовазнаўца, драматург, перакладчыца, паэтка, пісьменніца
Мова твораў беларуская і руская
Грамадская дзейнасць
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Наталля Арсеннева (Кушаль; 20 верасня 1903, Баку — 25 ліпеня 1997, Рочэстэр, Нью-Ёрк, ЗША) — беларуская паэтэса, перакладчык, драматург.

Біяграфія

Бацькі Наталлі Арсенневай. 1910

Нарадзілася 20 верасня 1903 года ў сям’і начальніка Бакінскай мытнай акругі Аляксея Арсеннева і былой настаўніцы ў Баку. У 1905 годзе бацьку Наталлі перавялі спачатку на Валынь, а пасля ў Вільню. Радавод яе бацькі ўзыходзіць да роду маці Міхаіла Лермантава[1]. Паводле М. Мішчанчука, род Арсенневых[ru] — генеалагічная лінія бабулі рускага класіка[2], Лізаветы Аляксееўны Арсенневай[ru] (1773—1845).

Дзяцінства

Сям’я Арсенневых складалася з трох сясцёр і аднаго брата. Іхняя маці, былая настаўніца, дала Наталлі бліскучую хатнюю адукацыю, рыхтуючы дачку адразу ў сярэднюю школу[3]. У дзяцінстве захаплялася маляваннем. У дзесяць гадоў, будучая паэтэса з адзнакаю здала ўступныя экзамены і паступіла адразу ў другі клас Віленскай Марыінскай гімназіі. Тут яна правучылася толькі два гады праз пачатак Першай сусветнай вайны. У 1914 годзе сям’я Арсенневых эвакуіравалася ў Яраслаўль. Юная Наталля працягвала вучобу ў Кацярынінскай жаночай гімназіі, дзе дадаткова наведвала літаратурны гурток. У 1917 годзе рабіла ілюстрацыі мастацка-літаратурнага часопісу, які выдаваўся гуртком. Тут яна ў чатырнаццаць гадоў напісала свой першы верш на рускай мове «Облако»[4]. З пачаткам антыбальшавіцкага паўстання ўлетку 1918, сям’я Арсенневых пакрысе адпраўляецца ў Вільню, да якой дабіраліся этапамі больш за год праз Вялікія Лукі Пскоўскай губерні і Дрысу. Падчас пераезду, усе дзеці перахварэлі на «іспанку». Сястра Наталлі Галіна ў выніку хваробы памерла[5].

Вяртанне ў Вільню

Файл:Pamiatnaja doška N. Arsieńnievaj, Viĺnia.jpg
Памятная шыльда на будынку Віленскай беларускай гімназіі

У 1920 сям’я вярнулася ў Вільню. За час бежанства ўся віленская маёмасць Арсенневых была раскрадзена, а ў іх кватэры жылі чужыя людзі. У Вільні 16-гадовая Наталля давала ўрокі французскай і нямецкай моў, каб дапамагчы сям’і. Тут будучая паэтэса паступіла ў Віленскую беларускую гімназію, дзе настаўнічалі Максім Гарэцкі, Браніслаў Тарашкевіч, Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч і іншыя дзеячы беларускага нацыянальнага ўздыму[6]. Наталля Арсеннева пазней адзначала: «па праўдзе, я стала беларускай паэткай толькі ўвосень 1920 года»[7]. У гімназіі прымала ўдзел у пастаноўцы «Паўлінкі» Янкі Купалы.

У чэрвені 1921 атрымала атэстат аб сярэдняй адукацыі — «матуру». Ужо ў верасні пачала настаўнічаць у адной з сямі беларускіх школаў у Вільні. Адначасова паступіла на гуманістычны факультэт Віленскага ўніверсітэта і друкавалася ў розных заходнебеларускіх часопісах і газетах[5]. На яе паэтычныя здольнасці звярнуў увагу асабіста Максім Гарэцкі[1].

Міжваенны перыяд

Наталля Арсеннева, 1935

28 верасня 1922 года Наталля Арсеннева выйшла замуж за Францішка Кушаля — члена ваеннай камісіі Беларускай Народнай Рэспублікі. Ад яго яна мела двух сыноў: Яраслава (1923—1943) і Уладзіміра. Паводле звестак Б. Сачанкі, Ф. Кушаль прымаў удзел у карных аперыцыях «супраць свайго народа»[6]. Першыя паўтара года пасля шлюбу пражылі ў Слоніме. Тут Наталля Арсеннева моцна пасябравала з Гальяшом Леўчыкам[8]. Улетку 1923 Францішак Кушаль адправіў гасцяваць Наталлю да свайго дзеда Вінцука Кушаля ў вёску Доры ў Валожынскім павеце. Тут яна правяла амаль тры месяцы і пазней ездзіла сюды кожнае лета. Гэтыя гасцяванні паэтэса апісала наступным чынам:

" Тут, у чыста беларускім сялянскім асяроддзі, я цесна зжылася з Беларуссю, калі можна так сказаць, ужо не ў тэорыі, а на практыцы, зжылася з найчысцейшаю беларускаю моваю, з беларускім жыццём і прыродаю. Мужавы бацька — стары Кушаль — быў найшчырэйшым беларускім патрыётам, хоць палітыкай ніколі не займаўся і ў жыцці сваім ніколі нікуда не выязджаў далей за Валожын, Івянец, Ракаў ці Маладзечна[3]. "
Наталля Арсеннева і Максім Танк, Вільня, 1936

У 1924 мужа Наталлі Арсеннева перавялі на Памор’е, дзе яны пражылі 13 гадоў у Хэлмне і год у Равічы, на самой мяжы з Германіяй[9].

У 1927 годзе Наталля Арсеннева надаўжэй прыехала ў Вільню і падрыхтавала да друку свой першы зборнік «Пад сінім небам». Адначасова яна займалася перакладам «Дзядоў» Адама Міцкевіча: пераклала 1-ю, 2-ю і пачала чацвёртую часткі. Пераклад быў ацэнены станоўча і частка яго была надрукавана ў адным з віленскіх беларускіх часопісаў, аднак цэласць недзе загінула, а ў друкароў ці рэдактараў яе пазней знайсці не ўдалося[8]. У 1935 годзе ўпершыню наведала Вільню ўзімку, дзе чытала свае вершы і пазнаёмілася з Максімам Танкам, творчасць якога зрабіла на яе моцнае ўражанне[10].

Другая сусветная вайна

З пачаткам Другой сусветнай вайны муж Наталлі Арсенневай апынуўся ў савецкім палоне — Старабельскім лагеры[11]. Баючыся быць адрэзанаю ад дзяцей (дзеці на пачатак вайны знаходзіліся ў Дорах), паэтэса адна ноччу пехатою пайшла туды з Вільні: ішла праз Ліпаўку на Ашмяны. Пад Вішневам, як падазроная асоба была арыштавана бальшавікамі, адвезеная ў пастарунак НКУС у Валожыне і праз пяць дзён адпушчаная. Дабраўшыся да Дораў, у сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам Наталля Арсеннева вырашыла ехаць з дзецьмі назад у Вільню, але Беларускі камітэт нічым ёй не змог дапамагчы[12]. Тады паэтэса вырашае падаць заяўку ў бальшавіцкую рэпартацыйную камісію аб дазволе ўезду на тэрыторыю СССР. Дазвол быў атрыманы і яна 31 снежня 1939 года ў чарговы раз пакінула Вільню і асела на гэты раз у Вілейцы, дзе жыў брат яе братавай. Апрача таго, у Вілейцы на той час жыў Максім Танк, які ўладкаваў Наталлю Арсенневу стылістам у абласную «Сялянскую газету»[13].

У пачатку сакавіка 1940 года Наталлю Арсенневу і Максіма Танка запрасілі ў Мінск па запрашэнні Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Тут паэтэса пазнаёмілася з Янкам Купалам, Змітраком Бядулям і іншымі. Аднаго вечара, калі Танк, Арсеннева і беларускі крытык і драматург Алесь Кучар ішлі па Савецкай вуліцы, Танк голасна гаварыў па-беларуску, на што атрымаў спалоханую заўвагу Алеся Кучара:

" Ведаеце, не гаварыце так голасна па-беларуску, у нас гэта не прынята[13]. "

13 красавіка 1940 года на золку Наталля Арсеннева разам з сынамі была арыштавана органамі НКУС і без афіцыйнага абвінавачвання сасланая ў сталінскі ГУЛАГ у Казахстане. У лютым 1941 года атрымала выклік у Маскву. Дабраўшыся цягніком да Лубянкі, Наталлю Арсенневу беспаспяхова пыталіся намовіць падпісаць развод з сваім мужам, які ў той час знаходзіўся побач на Лубянцы. Пасля чарговага вяртання ў Казахстан, паэтцы разам з двума дзецьмі было дазволена вярнуцца на ранейшае месца жыхарства. У маі 1941 года Наталля Арсеннева была ўжо ў Дорах. Праз некалькі дзён ёй прыйшоў загад ехаць у Беласток, дзе яна адшукала Максіма Танка і той уладкаваў яе на кватэру і на працу ў рэдакцыю газеты, дзе паэтэса працавала да пачатку Вялікай Айчыннай вайны[14].

З пачаткам вайны Наталля Арсеннева праз Ліду, Багданава і Валожын дабралася з Беластоку ў Доры, адкуль з малодшым мужавым братам адправілася ў зруйнаваны Мінск. Пазней яна з мужам атрымала кватэру на былой Ленінградскай вуліцы. Да гэтага часу, вызвалены з Лубянкі Францішак Кушаль жыў на адной кватэры з Антонам Адамовічам пасля пярэбараў з жонкай на Ленінградскую вуліцу прапанаваў ёй пайсці на працу ў рэдакцыю «Беларускай газеты»[15]. Перакладала лібрэта да опер «Кармэн» і «Яўген Анегін». У гэты час да Наталлі Арсенневай звярнуліся па напісанне лібрэта да новай оперы, за сюжэт якой паэтэса ўзяла верш «Лясное возера» з цыкла «Зачараваны вугал» са зборніку «Пад сінім небам». Напісанне музыкі было даручана кампазітару Міколу Шчаглову. Апрача гэтага, паэтэса напявала мелодыі шматлікіх песень, пачутых ёю яшчэ ў Дорах. Тэксты іншых народных песень, якія пазней увайшлі ў оперу Наталля Арсеннева ўзяла з фальклорнага зборніка Еўдакіма Раманава[16]. Пасля прэм'еры «Ляснога возера» паэтэса зрабіла пераклад «Затонутага звона» Герхарда Гаўптмана.

У другой палове 1942 года Наталля Арсеннева атрымала ліст ад свайго брата Сяргея, які ў 1940 уцёк у Германію і праз цяжкую хваробу прасіў узяць апеку над сваёй сям’ёй. Паэтка парупілася аб атрыманні дазволу на пераезд і спачатку выехала ў Берлін, а затым у Лейпцыг, дзе яе брат ляжаў у санаторыі «Reisengebirge». Падчас яе знаходжання ў Лейпцыгу Сяргей Арсеннеў памёр у санаторыі і Наталля праз сканчэнне тэрміну пропуска вымушаная была вяртацца ў Мінск[17].

Па вяртанні ў Мінск Наталля Арсеннва распачала працы над перакладамі «Цыганскага барона» Ёгана Штраўса, «Разбітага кубка» Гайнрыха фон Кляйста, «Зачараванай жалейкі» Моцарта і «Вольнага стральца» Карла Марыі фон Вебера. 22 чэрвеня 1943 ад міны, што ўзарвалася ў Мінскім гарадскім тэатры загінуў сын Яраслаў. Яго пахаванне адбылося на Ваенных могілках. Па смерці сына кампазітар Мікола Шчаглоў папрасіў Наталлю напісаць арыю для кнігі Праксады для 3-а акта оперы «Усяслаў Чарадзей». Калі лібрэта да оперы было скончана, найлепшыя ўвертуры і арыі былі выкананы спевакамі і поўным аркестрам у студыі Мінскага радыё[18]. У гэты час у рэдакцыю «Беларуская газеты» заходзіў вядомы беларускі драматург Францішак Аляхновіч. Пасля Другога Усебеларускага кангрэса сустрэлася з Ларысай Геніюш, якая прыехала з Прагі.

З пачаткам наступлення савецкага войска на Мінск, Наталля Арсеннева разам з дзеячам Цэнтральная беларускай рады ўцякалі праз Беласток, Варшаву ў Кёнігсберг, затым у горадзе Форст у зямлі Брандэнбург, дзе з сынам правяла каля месяца, адкуль пераехалі ў Берлін. Тут паэтэса ўладкавалася на працу ў газету «Раніца». Тут яна напісала большую частку вершаў, якія пазней увайшлі ў зборнік «Не астыць нам»[19]. 3 лютага 1945 праз несупынныя бамбаванні Берліну Наталля Арсеннева разам з сям’ёй Шчагловых і Каханоўскіх пераехала ў мястэчка Амберг, непадалёк ад чэшскай мяжы, дзе цярпелі моцную харчовую і фінансавую нястачу. Далейшыя гады паэтэса са сваім мужам правяла ў лагерах для г. зв. «перамешчаных асоб». Увосень 1945 Арсеннева разам з мужам перабралася ў Рэгенсбург, дзе знайшлася магчымасць весці культурную працу пры Беларускім камітэце[19] і выкладаць у Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы французскую і нямецкую мовы. Друкавалася на старонках шматлікіх эміграцыйных перыёдыкаў[20]. Пазней, у 1946[20] годзе, Наталлю Арсенневу перавезлі ў лагер у Міхельсдорфе, пазней — у Віндышбергердофе[de], дзе Наталля Арсеннева разам з беларускай супольнасцю ставіла канцэрты[21]. Да свайго ад’езду ў ЗША Арсеннева паспела пабываць у Розенгайме.

ЗША

У Злучаныя Штаты Наталля Арсеннева пераехала 15 чэрвеня 1950 года (спачатку ў Нью-Ёрк, пазней — у Рочэстэр), дзе ёй напачатку давялося працаваць упакавальніцай агуркоў на фабрыцы кансерваў. Праз некалькі тыдняў паэтэса разам з мужам ужо займелі сваю невялікую кватэру[3]. Удзельнічала ў заснаванні Беларуска-Амерыканскага Задзіночання, дзе была культурна-асветным рэферэнтам (19511953) і сакратаром (19591967) Галоўнай управы[20]. У 19521954 гадах Працавала рэдактарам у эмігранцкай газеце «Беларус», на Радыё Свабода, у Беларускім інстытуце навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

У 1967 годзе ў сувязі са смерцю пасля цяжкае хваробы (ва 38 гадоў) нявесткі Наталлі Кушаль (у дзявоцтве Куліковіч) пераехала да сына Уладзіміра ў Рочэстэр (штат Нью-Ёрк) даглядаць унукаў Пятра і Наталлю[20].

У 19701980-я гады адышла ад актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці беларускай эміграцыі.

25 ліпеня 1997 Наталля Арсеннева памерла ў горадзе Рочэстэр (штат Нью-Ёрк). Пахавана на мясцовых могілках[22], побач са сваім мужам Францішкам Кушалем[23].


Творчасць

Друкуецца з 1920. Яе талент заўважыў і падтрымаў М. Гарэцкі. Ранняя лірыка, якую яна змяшчала ў перыядычных выданнях Заходняй Беларусі, пераважна прыродаапісальная, інтымная. Яна імкнулася перадаць імгненныя ўражанні, пачуцці, адлюстраваць зменлівы стан душы, плынь унутранага быцця.

Творчасць Н. Арсенневай 1920—30-х гадоў стала значнай з'явай заходнебеларускай літаратуры. Кніга лірыкі «Пад сінім небам» (Вільня, 1927) узбагаціла беларускую паэзію глыбокім пранікненнем у сферу чалавечых пачуццяў, свежасцю лірычных інтанацый, багаццем вобразнай палітры. Максім Танк у сваіх «Лістках календара» пісаў пра паэтэсу: «Трэба прызнаць, што са сваіх інтымных пачуццяў яна ўмее вязаць прыгожыя карункі»[24]. Гэтыя асаблівасці лірыкі Н. Арсенневай уласцівыя і кнізе «Жоўтая восень», што рыхтавалася да друку яшчэ ў 1935—36 гадах, але апублікаваная цалкам толькі ў кнізе выбранага як асобны раздзел.

Вершы, створаныя ў акупаваным Мінску, склалі зборнік «Сягоння» (1944). Талент паэтэсы раскрыўся ў бок філасофскага, гуманістычнага асэнсавання гістарычных падзей, узмацніліся грамадзянскія, трагічна-афарбаваня ноты. Вайна ўспрымаецца ёю як вялікая трагедыя еўрапейскіх народаў. Зруйнаваны, пакрыты папялішчамі свет выклікаў адчай і адчуванне ўласнага бяссілля: «За ўсё гэта, за ўсё — не наплачацца нават паэт». У ваенных вершах Н. Арсеннева не імкнулася быць суддзёй падзей, не падзяляла ўдзельнікаў вайны на «сваіх і чужых», ёй аднолькава шкада ўсіх загінуўшых — як сына Дняпра, так і сына Рэйна. Яна абрала пазіцыю нейкага «надсусветнага» назіральніка[25]. Скразны матыў ваеннай лірыкі — матыў непасільнасці выказаць і аб'яднаць смуткам і тугою аднаго чалавека, нават калі ён паэт, сусветны смутак і жаль, што апанаваў чалавецтва, кінутае ў вір вайны. Побач з тэмай «жыцця… ў жалобнай раме», асуджэння вайны, смутку сярод руін і ахвяр, у творах моцна гучала нацыянальна-патрыятычная тэма Бацькаўшчыны (вершы «Песня каліноўцаў», «Жыве Беларусь», «Малітва», «Прысяга», «Краіне», «Зняволены сцягам»), сцвярджалася ідэя вольнасці і моцы Беларусі, выказвалася вера ў той момант, калі Беларусь акрыяе ў змаганні і плён яе ніў будуць збіраць не чужынцы.

Напісала лібрэта да опер М. Шчаглова «Лясное возера», «Усяслаў Чарадзей» і аперэты «З выраю». Пераклала на беларускую мову некалькі п'ес, якія ставіліся ў менскім гарадскім тэатры, сярод іх «Затонуты звон» Г. Гаўптмана, «Вяселле Фігаро» і «Чарадзейная жалейка» В. А. Моцарта, «Кармэн» Ж. Бізэ і «Цыганскі барон» Ё. Штраўса. Супрацоўнічала з А. Кецкам у падрыхтоўцы зборніка «Эвангельскі хрысьціянскі сьпеўнік».

У творчасці эміграцыйнага перыяду нацыянальныя і гісторыка-патрыятычныя матывы паглыбіліся, набылі настальгічную афарбоўку. Пастаяннай прыхільнасцю паэтэсы карыстаецца беларуская нацыянальная сімволіка (цыклы вершаў «Не астыць нам», «Брамы», «На ростанях»). Асобныя творы прысвечаны Ф. Скарыну («У гасподзе Падуанскай»), дню абвяшчэння незалежнасці Беларусі («25 сакавіка», «Ён граць не сціхне»), Слуцкаму паўстанню («На Слуцкія ўгодкі», «Косы», «Сыны і маці»). Само імя Беларусі для паэтэсы, аддзеленай ад Бацькаўшчыны не толькі геаграфічнай, але і палітычнай адлегласцю, становіцца «пякучым сымболем болю», аднак толькі з ім яна адчувае сябе нястрачаным чалавекам.

З сярэдзіны 1980-х г. яе творы зноў робяцца вядомымі і папулярнымі на радзіме.

Сям’я

У шлюбе з Францішкам Кушалем мела двух сыноў — Яраслава (1923—1943) і Уладзіміра (1924-?). Яраслаў загінуў ад выбуху закладзенай савецкімі партызанамі бомбы, у мінскім тэатры ў час прадстаўлення. Уладзімір ажаніўся з Наталляй Куліковіч (19281967), дачкой Мікалая Шчаглова-Куліковіча, ад якой меў двух дзяцей — Пятра і Наталлю, якіх пасля смерці жонкі дапамагалі даглядаць ягоныя бацькі[26]

Памяць

У СССР творы Наталлі Арсенневай былі забаронены. Дагэтуль творы паэткі не ўключаныя ў школьную праграму па беларускай літаратуры ў сярэдніх школах.

З сярэдзіны 1980 гадоў творы Наталлі Арсенневай становяцца вядомымі і папулярнымі, асабліва верш «Малітва», які будучы пакладзеным на музыку кампазітарам Міколам Равенскім стаў гімнам «Магутны Божа», у гонар якога названы фестываль духоўнай музыкі; у 1995 гэту песню прапаноўвалі зрабіць дзяржаўным гімнам.

У 2003 у яе гонар быў усталяваны помнік у мястэчку Старыя Дарогі Мінскай вобласці на тэрыторыі музея-сядзібы.[27]

Бібліяграфія

  • Пад сінім небам: вершы (1921—1925 г.) / Наталля Арсеннева. — Вільня: Віленскае выдавецтва Б. Клецкіна, 1927. — 140 с., [1] л. партр.
  • Сягоння: Вершы 1941—1943. — Мн.: Выд-ва падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1944. — 127 с., 1 л. партр.
  • Сіротка Гануля: Сцэнічны абразок у 1-й дзеі. — [Рэгенсбург — Міхельсдорф], 1946. — 8 с.[28].
  • Выбраныя вершы: Зборнік вершаў. — Ватэнштэт, 1947. — 31 с.
  • Між берагамі = Between the shores: выбар паэзіі Н. Арсенневай, 1920―1970 / [уступны артыкул А. Адамовіча]. — Нью Йорк — Таронта: Беларускі інстытут навукі і мастацтва, 1979. — XXXIX, 350 с.
  • Пад сінім небам: вершы (1921―1925) / Наталля Арсеннева. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1991. — 141 с., [1] л. партр.
  • Яшчэ адна вясна: Выбраныя вершы / Наталля Арсеннева; Уклад. і прадм. А. І. Сямёнавай. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1996. — 271 с. — (Галасы беларускага замежжа). — ISBN 985-02-0086-3
  • Выбраныя творы / Наталля Арсеннева; [Уклад. і камент. Л. Савік; Прадм. А. Сямёнавай]. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2002. — 589 с., [4] л. iл. — (Беларускі кнігазбор; Серыя 1. Мастацкая літаратура). — ISBN 985-6638-55-0

Гл. таксама

Зноскі

  1. а б Арсеннева (Кушаль) Наталля // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  2. Мішчанчук, М. І. «…Між берагамі…» Лёс і творчасць Наталлі Арсенневай // Як жыць — дык жыць для Беларусі.. — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 130. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6.
  3. а б в Арсеннева, Н. «Я не палітык, ніколі ім не была…» // Роднае слова. — Мн.: 1993. — № 1. — С. 17—21.
  4. Арсеннева, Н. Аўтабіяграфічная нататка // Арсеннева Н. Выбраныя творы / Уклад., камент. Л. Савік; Прадм. А. Сямёнавай. — Мн. — С. 463. — 592 с. — (Беларускі кнігазбор).
  5. а б Сямёнава, А. На шляху сусветаў // Арсеннева Н. Выбраныя творы / Уклад., камент. Л. Савік; Прадм. А. Сямёнавай. — Мн. — С. 7. — 592 с. — (Беларускі кнігазбор).
  6. а б Мішчанчук, М. І. «…Між берагамі…» Лёс і творчасць Наталлі Арсенневай // Як жыць — дык жыць для Беларусі…. — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 131. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6.
  7. Арсеннева, Н. Аўтабіяграфічная нататка // Арсеннева Н. Выбраныя творы / Уклад., камент. Л. Савік; Прадм. А. Сямёнавай. — Мн. — С. 465. — 592 с. — (Беларускі кнігазбор).
  8. а б Арсеннева, Н. Аўтабіяграфічная нататка // Арсеннева Н. Выбраныя творы / Уклад., камент. Л. Савік; Прадм. А. Сямёнавай. — Мн. — С. 471. — 592 с. — (Беларускі кнігазбор).
  9. Арсеннева, Н. Аўтабіяграфічная нататка // Арсеннева Н. Выбраныя творы / Уклад., камент. Л. Савік; Прадм. А. Сямёнавай. — Мн. — С. 472. — 592 с. — (Беларускі кнігазбор).
  10. Арсеннева, Н. Аўтабіяграфічная нататка // Арсеннева Н. Выбраныя творы / Уклад., камент. Л. Савік; Прадм. А. Сямёнавай. — Мн. — С. 473. — 592 с. — (Беларускі кнігазбор).
  11. Арсеннева, Н. Аўтабіяграфічная нататка // Арсеннева Н. Выбраныя творы / Уклад., камент. Л. Савік; Прадм. А. Сямёнавай. — Мн. — С. 476. — 592 с. — (Беларускі кнігазбор).
  12. Арсеннева, Н. Аўтабіяграфічная нататка // Арсеннева Н. Выбраныя творы / Уклад., камент. Л. Савік; Прадм. А. Сямёнавай. — Мн. — С. 474. — 592 с. — (Беларускі кнігазбор).
  13. а б Арсеннева, Н. Аўтабіяграфічная нататка // Арсеннева Н. Выбраныя творы / Уклад., камент. Л. Савік; Прадм. А. Сямёнавай. — Мн. — С. 475. — 592 с. — (Беларускі кнігазбор).
  14. Арсеннева, Н. Аўтабіяграфічная нататка // Арсеннева Н. Выбраныя творы / Уклад., камент. Л. Савік; Прадм. А. Сямёнавай. — Мн. — С. 483. — 592 с. — (Беларускі кнігазбор).
  15. Арсеннева, Н. Аўтабіяграфічная нататка // Арсеннева Н. Выбраныя творы / Уклад., камент. Л. Савік; Прадм. А. Сямёнавай. — Мн. — С. 486. — 592 с. — (Беларускі кнігазбор).
  16. Арсеннева, Н. Аўтабіяграфічная нататка // Арсеннева Н. Выбраныя творы / Уклад., камент. Л. Савік; Прадм. А. Сямёнавай. — Мн. — С. 488. — 592 с. — (Беларускі кнігазбор).
  17. Арсеннева, Н. Аўтабіяграфічная нататка // Арсеннева Н. Выбраныя творы / Уклад., камент. Л. Савік; Прадм. А. Сямёнавай. — Мн. — С. 489. — 592 с. — (Беларускі кнігазбор).
  18. Арсеннева, Н. Аўтабіяграфічная нататка // Арсеннева Н. Выбраныя творы / Уклад., камент. Л. Савік; Прадм. А. Сямёнавай. — Мн. — С. 491. — 592 с. — (Беларускі кнігазбор).
  19. а б Арсеннева, Н. Аўтабіяграфічная нататка // Арсеннева Н. Выбраныя творы / Уклад., камент. Л. Савік; Прадм. А. Сямёнавай. — Мн. — С. 498. — 592 с. — (Беларускі кнігазбор).
  20. а б в г Петрушкевіч, А. М. Наталля Арсеннева : Шлях да Беларусі : манаграфія / Ала Мікалаеўна Петрушкевіч ; прадм. і рэд. А. М. Пяткевіча. — Мінск : Кнігазбор, 2013. — 180 с. ISBN 978-985-7057-44-3
  21. Арсеннева, Н. Аўтабіяграфічная нататка // Арсеннева Н. Выбраныя творы / Уклад., камент. Л. Савік; Прадм. А. Сямёнавай. — Мн. — С. 500. — 592 с. — (Беларускі кнігазбор).
  22. Гардзіенка Н. Могілкі як частка мемарыяльнай культуры беларускай эміграцыі. — academia.edu.
  23. Пантэон Беларусі. Наталля Арсеннева
  24. Танк М. Лісткі календара. Мн., 1970. С. 123
  25. І. Багдановіч (1993)
  26. Юрэвіч, Л. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Лявон Юрэвіч. — Мінск : ??, 2012. — 6 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кн. 20)
  27. У СТАРЫХ ДАРОГАХ УСТАЛЯВАНЫ ПОМНІК НАТАЛЬЛІ АРСЕннЕВАЙ
  28. Манускрыпт перапісваўся для патрэб вучнёўскіх паказаў. Каля 20 асобнікаў аддрукавалі скаўты для сваіх драматычных гурткоў

Літаратура

  • McMillin, A. Home thoughts from abroad: three Belarusian poets in emigration // Canadian-American Slavic Studie. — 1999. — № 2 — 4. — P. 253—263.
  • Войцік, Г. Наталля Арсеннева / Галіна Войцік. — Вільня: Рунь, 2003. — 21 с.
  • Байкоў М. Аб творчасці Наталлі Арсеньевай // Полымя. 1927, № 8.
  • Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі… Мн., 1990. С. 43—48.
  • Мішчанчук М. «Між берагамі» // Культура беларускага замежжа. Кн. 1. Мн., 1993.
  • Тарасюк Л. Праз акіян забыцця // ЛіМ. 1993, 5 лют.
  • Тарасюк Л. Пад небам паэзіі // Полымя. 1995, № 6.
  • Сямёнава А. Лёс — і над лёсам // Голас Радзімы. 1993, 30 верас.
  • Багдановіч І. Арсеннева Наталля // ЭГБ у 6 т. Т. 1. Мн., 1993.
  • Калеснік У. Наталля Арсеннева // ЛіМ. 1994, 9 снеж.
  • БП, т. 1.
  • Савік Л. Жывём Айчынай мы…// Пакліканыя. Літаратура Беларускага Замежжа. Мн., 2001.
  • Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). Мн., 2002.
  • [0 1] // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). / Укладальнік Л. У. Маракоў.

Спасылкі

Шаблон:Пісьменнікі і паэты Беларусі