Касцёл Святога апостала Андрэя (Слонім)
Фарны касцёл | |
Касцёл Святога Андрэя | |
---|---|
| |
53°05′51″ пн. ш. 25°19′48″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Слонім |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | позняе барока, ракако |
Будаўніцтва | 1770-я — 1775 |
Асноўныя даты | |
1775 — пабудаваны |
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Касцёл Святога Андрэя — фарны касцёл Св. Андрэя Апостала, помнік архітэктуры позняга барока і ракако ў горадзе Слонім, Беларусь. Касцёл актыўна ўдзельнічае ў фарміраванні панарамы горада і знаходзіцца ў прасторава-планіровачнай сувязі з комплексам гістарычнага цэнтра[1].
Гісторыя
- 1490 — па ініцыятыве караля Казіміра IV Ягайла ў горадзе пачата будаўніцтва драўлянага храма. Яна стала першай значнай фундацыяй у горадзе.
- 1493 — храм асвяцілі.
- 1593 — праз 100 гадоў па фундацыі слонімскага старосты Льва Сапегі парафія атрымала зямлі, дзе размясцілі шпіталь, школу, плябанію і могілкі.
- 1775 — цяперашнік касцёл створаны па ініцыятыве ксяндза Францыска Анцуты і віленскага біскупа Гедройца.
- У гады 1-й сусветнай вайны (1914 —1918) касцёл быў разбураны і быў адноўлены ў пасляваенныя гады. Пасля вайны 1941—1945 гг тэрыторыя адышла да СССР і касцёл зачынілі. Пазней выкарыстоўваўся як саляны склад.
- 1990 — распачата рэстаўрацыя касцёла, які вярнулі рэлігійнай абшчыне. Рэстаўрыраваны па праекце архітэктара В. Атас пры ўдзеле мастакоў М. Залатухі і У. Ракіцкага.
- 1993 — касцёл асвечаны.
Архітэктура
Манументальны касцёл Св. Андрэя аднанефавы, прамавугольны ў плане храм, дах трохсхільны чарапічны. У кампазіцыі пануюць дзве ярусныя вежы з фігурнымі шатрамі і высокім фігурным шчытом, які плаўна пераходзіць ў бакавыя валюты каля асновы. Плоскасць галоўнага фасада ўвагнута-выпуклая: лінія сцяны выгінаецца ў пяці заломах, абазначаных пілястрамі. Бакавыя вежы пастаўлены над вуглом да лініі фасада. Тэктанічная структура фасада мае ярка выяўлены ярусны характар, што дасягаецца выразнымі гарызантальнымі і вертыкальнымі чляненнямі, узмоцненай крапоўкай контурных ліній. Верхні ярус моцна расчлянёны шмат'ярусным карнізам і завершаны характэрнымі для архітэктуры ракако ліхтарамі на фігурных галоўках. Пазбаўленыя крапоўкі плоскасці фасада разыграны нішамі з разьбянымі драўлянымі скульптурамі евангелістаў Пятра і Паўла ў дынамічных разваротах. Партал галоўнага ўвахода, вокны і фігурны шчыт маюць акруглы абрыс. Дэкаратыўны арсенал фасада ўключае профілі і ляпніну. Бакавыя фасады ў прасценках чляняцца плоскімі адзінарнымі пілястрамі. Уражанне руху ліній і форм дасягаецца частымі раскрапоўкамі, шматразовым драбленнем антаблементаў.
У інтэр'еры высокі неф (14,1 м) перакрыты цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках з люнетамі. Прэсбітэрый аддзелены ад яго бакавымі ляпнымі алтарамі і парталам. Да алтарнай часткі прымыкаюць бакавыя квадратныя ў плане сакрысціі. Прастора інтэр'ера асвятляецца высокімі арачнымі аконнымі праёмамі. У паўночнай частцы храма на трохарках з гранёнымі бочкападобнымі апорамі і крыжовых скляпеннях умацаваны хоры, кулісы якiх маюць ілюзорны перспектыўны роспіс у тэхніцы грызайль.
У інтэр'еры касцёла асноўны дэкаратыўны акцэнт зроблены на алтаpax, трактаваных у стылі ракако, амбоне і хорах, а таксама фрэскавым роспісе скляпенняў. Галоўны пластычна-дэкаратыўны элемент інтэр'ера – цэнтральны алтар. Ён створаны ў выглядзе магутнага порціка са здвоенымі карынфскімі калонамі, якія нясуць трохвугольны раскрапаваны франтон з крыжам на сферы. Уздоўж схілаў франтона размешчаны дзве стукавыя скульптуры анёлаў. Поле інтэркалумнія раскрапавана арачнай нішай, у якой размяшчаўся алтарны абраз, які да нашых часоў не захаваўся. Барочнымі шчытамі на валютах і раскрапоўкай карнізамі, пучкамі пілястраў таксама завяршаюцца і бакавыя алтары храма. Дэкаратыўнае вырашэнне алтароў заснавана на тэхніцы стука, якая імітуе чырвона-карычневы і светла-жоўты мармур. На бакавых сценах прэсбітэрыя дзве прамавугольныя фрэскавыя карціны (3х2 м) на біблейскія сюжэты. На ўсходняй сцяне алтара часткова захаваўся амбон у традыцыйнай для ракако форме ладдзі пад ветразем.
Унутранае ўбранне касцёла дапаўняюць дэкаратыўны роспіс сцен і арнаментальная ляпніна. Падоўжныя сцены аздоблены роспісам у спалучэнні з ілюзорна-прасторавымі архітэктурнымі формамі: пілястры з пышным арнаментальным убраннем, магутная каланада на заходняй сцяне, карніз і фрыз, мноства арнаментальных уставак, медальёнаў, картушаў, ракавін, разетак і інш., якія размешчаны на плоскасцях пілястраў і паміж імі, на аконных адкосах і ў прасценках паміж вокнамі, а таксама ўпрыгожваюць алтары. Дэкаратыўны роспіс выкананы ў стрыманых танах: ружовы, некалькі пацямнелы фон, на якім блакітна-белым і шэрым колерамі нанесены прыгожы малюнак.
Зноскі
Крыніцы
А. М. Кулагін, Каталіцкія храмы на Беларусі, Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Святога апостала Андрэя (Слонім)
- Касцёл Святога Андрэя Апостала