Міхась Саўка або Міхал Саўка-Міхальскі (19 ліпеня 1927, в. Загор’е Навагрудскага павета, цяпер Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць — 10 верасня 1990, Брусель) — беларускі мастак, рэстаўратар.

Міхась Саўка
Дата нараджэння 19 ліпеня 1927(1927-07-19)
Месца нараджэння
Дата смерці 10 верасня 1990(1990-09-10) (63 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, рэстаўратар
Месца працы
Вучоба

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай школе. Падчас нямецкай акупацыі ўдзельнічаў у маладзёжным руху, быў адным з кіраўнікоў Саюза беларускай моладзі. У 1944 годзе выехаў у Германію, а затым, у 1947 годзе пераехаў у Бельгію. Працаваў вуглякопам. Паступіў на вячэрнія курсы Мастацкай акадэміі. У гэты час пры Лювенскім універсітэце было арганізавана Згуртаванне беларускіх студэнтаў. Міхась Саўка ў 1951 годзе паступіў на факультэт археалогіі і мастацтва гэтага ўніверсітэта. Пасля заканчэння з дыпломам магістра, уладкаваўся на працу ў Каралеўскі інстытут мастацкай спадчыны  (фр.). Працаваў спачатку як часовы рэстаўратар абразоў і скульптур, спецыялізаваўся на рэстаўрацыі касцельных фрэсак. З 1963 года атрымаў бельгійскае грамадзянства, быў залічаны ў штат сталых супрацоўнікаў, займаў пасаду адміністрацыйнага сакратара, а з 1982 — кіраўніка работ. Як практык праводзіў з каралевай заняткі па маляванні.

У рэстаўрацыі Міхась Саўка дасягнуў распрацаваў спецыяльную тэхніку рэстаўравання, пра якую пісаў у прафесійных часопісах. Асобна выдаў працы «Фіксацыя насценнага жывапісу полівінілавым спіртам: вопыт рэстаўратара» (1978—1979), «Рэстаўрацыя насценнага пахавальнага жывапісу XIV ст. у склепе Варнятонскай царквы» (1972—1975) і інш. Бельгійскае Міністэрства французскай культуры надало Міхасю Саўку званне доктара навук і мастацтва.

У 1985 годзе Міхась Саўка ад паралічу страціў працаздольнасць. Праз пяць гадоў памёр.

Пахаваны па яго жаданні на Стрэтхемскіх могілках у Лондане побач з трагічна загінулым раней сынам Маркам[1]. Па яго просьбе грошы, якія ў такіх выпадках збіраюць на кветкі, былі перададзены А. Надсану на дапамогу ахвярам Чарнобыля.[2]

Зноскі

  1. У Лёндане знойдзеная магіла вядомага беларускага мастака | Facebook. www.facebook.com. Francis Skaryna Belarusian Library and Museum in London (11 верасня 2023). Праверана 11 верасня 2023.
  2. паводле Я. Жучкі

Літаратура

правіць
  • Беларусь-Бельгія: Грамадска-культурнае ўзаемадзеянне: Матэрыялы Міжнар. «круглага стала». Мінск, 18-19 мая 2001 г. / Рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. — Мн.: «кБеларускі кнігазбор», 2002. — 240 с. — (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 23).
  • Рагуля Б. Беларускае студэнцтва на чужыне. — Лондан (Канада) Нью-Ёрк,1996. Выд. 2-е — Мінск: «Беларускі кнігазбор», 2006.