Райн
Райн | |
Райн у Дусэльдорфу | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Выток | Tomasee[d] |
Вусьце | Паўночнае мора[1] |
Краіны басэйну | Нямеччына, Аўстрыя, Швайцарыя, Францыя, Нідэрлянды, Ліхтэнштайн |
Вобласьці | Граўбюндэн, Паўднёвая Галяндыя, Базэль-Штат, Санкт-Гален, Цюрых, Ааргаў, Шафгаўзэн, Тургаў, Базэль-Лянд, Паўночны Райн — Вэстфалія, Гэсэн, Бадэн-Вюртэмбэрг і Райнлянд-Пфальц |
Даўжыня | 1233 км |
Плошча басэйну | 185 000 км² |
Месцазнаходжаньне | |
Райн зьяўляецца адной з важных рэкаў у Эўропе | |
Райн (па-нямецку: Rhein [райн], па-француску: Rhin [рэн], па-нідэрляндзку: Rijn [рэйн]) — буйная рака ў Заходняй Эўропе. Працякае па тэрыторыі Швайцарыі, Ліхтэнштайну, Аўстрыі, Нямеччыны, Францыі, Нідэрляндаў. Даўжыня ракі складае 1230 км, плошча басэйна — 185 тысячаў км².
Райн бярэ свой пачатак у Альпах, працякае праз Бодэнскае возера, перасякае адгор’і Юры і Шварцвальда, пасьля чаго цячэ па Верхнярайнскай нізіне. У сярэдняй плыні прарываецца праз Райнскія Сланцавыя горы. Ніжняя плынь — у межах Сярэднеэўрапейскай раўніны, дзе рэчышча шмат дзе агароджанае дамбамі. Упадае ў Паўночнае мора, утвараючы складаную дэльту. Асноўнымі прытокамі ракі зьяўляюцца Нэкар, Майн, Рур (правыя), Аарэ, Мозэль (левыя). У левы рукаў дэльты ўпадае рака Маас. У вярхоўях — вяснова-летняя паводка, у сярэдняй і ніжняй плыні шматводзьдзе на працягу ўсяго году. Сярэдні расход — 2500 м³/з, гадавы сьцёк дасягае каля 79 км³.
Рака суднаходная на 952 км, да швайцарскага места Базэль і па Бодэнскім возеры. Агульная даўжыня водных шляхоў у басэйне Райна каля 3000 км. Райн злучаны каналамі з Ронай, Марнай, Вэзэрам, Эльбай. Найбольш буйнымі гарадамі на Райне ёсьць нідэрляндзкі Арнэм, нямецкія Дусэльдорф, Кёльн, Бон, Майнц, Мангайм, Вормс, францускі Страсбург і швайцарскі Базэль. Літаральна назоў ракі перакладаецца з кельцкае мовы як «Плынь».
Па Райне і Дунаі фармавалася вялікая частка паўночнай сухапутнай мяжы Рымскай імпэрыі і, з тых часоў, Райн меў выключнае значэньне, бо зьяўляючыся суднаходнай ракой, па ёй транспартаваліся тавары ўглыб кантынэнту. Райн таксама служыў у якасьці абарончае перашкоды і стаў асновай для стварэньня рэгіянальных і міжнародных межаў. Шматлікія замкі і дагістарычныя ўмацаваньні ўздоўж ракі сьведчаць аб ейнай важнасьці як воднага шляху.
1 лістапада 1986 году на Райне адбылася адна з самых буйных у Эўропе экалягічных катастрофаў. Пажар на хімічным заводзе фірмы «Сандас» (Sandoz) у швайцарскім Базэлі прывёў да скіду ў раку 30 тонаў пэстыцыдаў, ртуці і іншых сельскагаспадарчых хімікатаў. Райн набыў чырвоны колер, людзям у раёне ракі было забаронена выходзіць з хаты, у некаторых гарадох ФРН былі зачыненыя вадаправоды, замест якіх выкарыстоўвалася прывазная вада ў цыстэрнах. На працягу 10 дзён забруджваньня дасягнулі Паўночнага мора. У выніку па некаторых адзнаках загінула паўмільёна рыбаў, некаторыя віды цалкам зьніклі.
Пасьля бурнай рэакцыі грамадзкасьці ўжо ў 1987 годзе была прынятая «Праграма дзеяньняў — Райн», разьлічаная да 2000 году. Па-іншаму яна звалася «Ласось-2000», бо была нацэленая на вяртаньне да гэтага тэрміну гэтай адчувальнай да забруджваньняў рыбы ў раку. У выніку актыўных дзеяньняў уладаў колькасьць нітратаў і фосфару, якія скідваліся ў раку, паменшылася на 50%, а памяншэньне некаторых іншых забруджваньняў знаходзілася ў межах ад 80 да 100%. Ласось вярнуўся ў раку на 3 гады раней, у 1997 годзе. Цяпер праграма Райн-2020 нацэленая на тое, каб зрабіць раку досыць чыстай для плаваньня.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Географический энциклопедический словарь. М., 1986.