Перайсьці да зьместу

Леакадзія Раманоўская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Леакадзія Раманоўская
Леакадзія Дамінікаўна Луцэвіч
Род дзейнасьці купалазнаўца
Дата нараджэньня 15 лютага 1890(1890-02-15)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 18 сьнежня 1970(1970-12-18) (80 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Занятак купалазнавец, мэмуарыстка
Бацька Дамінік Ануфрыевіч Луцэвіч
Маці Бянігна Іванаўна Луцэвіч (Валасевіч)
Муж Юльян Феліксавіч Раманоўскі
Дзеці Уладзіслава, Яніна, Ядвіга, Уладзіслаў, Янка
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Раманоўская.

Леака́дзія Даміні́каўна Рамано́ўская (у дзявоцтве — Луцэвіч; 15 лютага 1890 — 18 сьнежня 1970, Менск) — родная сястра Янкі Купалы, купалазнаўца, актыўная папулярызатарка творчасьці Янкі Купалы.

Янка Купала прысьвяціў Леакадзіі ў дзень яе нараджэньня свой першы верш—жарт, напісаны на польскай мове, калі сям’я Луцэвічаў жыла ў Селішчы.[1]. Менавіта Янка навучыў сваю малодшую сястру Лёлю чытаць і пісаць.

У 1908—1909 гадах наведвала Купалу ў Вільні. У 1915 годзе выйшла замуж за Ю. Раманоўскага, які пасябраваў з Купалам у 1916 годзе, калі яны разам служылі ў дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносінаў.[2]

У 1916 годзе наведвала Купалу ў Полацку, дапамагала яму матэрыяльна. З 1918 году сям’я Раманоўскіх жыла ў Кальзбэргу, дзе арандавала зямлю ў цесьця Б. Тарашкевіча. Сюды ў жніўні 1919 году прыяжджаў Купала і напісаў свае вершы «З павяўшай славы…», «На нашым…», «Паўстань», «Мая навука».[2]

З 1927 году сям’я Раманоўскіх жыла ў Менску ў адным з Купалам доме, які яны набылі разам, па вул. Кастрычніцкай, 40.[3] У 1930-я гады пэрыядычна жыла ў Лошніцы, Барысаве, дзе ў час творчых камандзіровак Купала наведваў яе. Кожнае лета з 1936 году жыла разам зь сям’ёй на дачы Купалы ў Ляўках. Часта выступала з успамінамі пра дзяцінства і юнацтва свайго брата перад дзецьмі і молалзьдзю, на сустрэчах у музэі, па тэлебачаньні і радыё. Пахаваная на Ўсходніх могілках у Менску[2].

Аўтар успамінаў пра Купалу «Дзіцячыя і юнацкія гады паэта» («Янка Купала», 1952), «Перад вялікай дарогай» («Вясёлка», 1962, № 7—8), «Слова пра брата» («Бярозка», 1962, №7).[2]

  1. ^ У рукапісным выглядзе верш да нашага часу не дайшоў і захаваўся толькі ў памяці Леакадзіі.
  2. ^ а б в г Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Раманоўскія». — С. 521.
  3. ^ Купала і Колас: вы нас гадавалі. Дакументы і матэрыялы. У 2-х кнігах. Кн. першая 1909—1939. — Мн., Літаратура і мастацтва, 2010. — С. 90—96.
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Раманоўскія» / Аўтары — Ж. Дапкюнас, Л. Кучынская. — С. 521—522.
  • Баравікова Р. Раманоўскія / Часопіс «Работніца і сялянка». — 1993. — № 7. — С. 4-5.
  • Лось Е. Купалавы сёстры (верш) / Газэта «Літаратура і мастацтва». — 1962. — 10 ліпеня.
  • Гарэцкі П. Сястра (верш) / Часопіс «Беларусь». — 1973. — № 7.