Перайсьці да зьместу

Дональд Трамп

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дональд Трамп
анг. Donald John Trump
Абраны прэзыдэнт ЗША
20 студзеня 2025 — цяперашні час
45-ы прэзыдэнт ЗША
20 студзеня 2017 — 20 студзеня 2021
Папярэднік: Барак Абама
Наступнік: Джо Байдэн
3-і старшыня «Арганізацыі Трампа»
1971 — 20 студзеня 2017
Папярэднік: Фрэдэрык Трамп
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 14 чэрвеня 1946(1946-06-14)[1][2][3][…] (78 гадоў)
Нью-Ёрк, ЗША
Партыя: Рэспубліканская партыя ЗША (1987—1999, 2009—2011, з 2012 г.); былыя: Дэмакратычная партыя ЗША (да 1987 г., 2001—2009), Рэфармісцкая партыя ЗША (1999—2001)
Сужэнец: жонка Мэланія Трамп (з 2005 г.); былыя: Івана Трамп (1977—1992), Марла Мэйплз (1993—1999)
Дзеці: сын Дональд (нар. 1977), дачка Іванка (1981), сын Эрык (1984); дачка Тыфані (1993); сын Бэран (2006)
Бацька: Фрэдэрык Трамп (1905—1999)
Маці: Мэры Трамп (1912—2000)
Род: Трампы
Адукацыя: Нью-Ёрская вайсковая акадэмія (1964), Пэнсыльванскі ўнівэрсытэт (1968)
Узнагароды: «Дрэва жыцьця» (1983 г.), мэдаль пашаны вострава Эліса (1986), «Залатая маліна» (1990), Гульнявая зала славы (1995), Зорка ў Галівудзкай алеі славы (2007), прадпрымальніцкая ўзнагарода імя Махамада Алі (2007), Зала славы Сусьветнай барацьбы (2013)

До́нальд Джон Трамп (па-ангельску: Donald John Trump, нарадзіўся 14 чэрвеня 1946 году, акруга Куінз гораду Нью-Ёрку, штат Нью-Ёрк, ЗША) — абраны прэзыдэнт ЗША, бізнэсмэн мэдыямагнат, пісьменьнік. З 2017 па 2021 быў 45-ым прэзыдэнтам ЗША.

16 чэрвеня 2015 году Дональд Трамп абвясьціў аб уступленьні ў барацьбу за пасаду прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе. 8 лістапада 2016 году Дональд Трамп быў выбраны 45-м прэзыдэнтам ЗША. Інаўгурацыя абранага прэзыдэнта адбылася 20 студзеня наступнага году, пасьля чаго абраны прэзыдэнт афіцыйна ўступіў на пасаду кіраўніка краіны.

5 лістапада 2024 году быў зноў абраны прэзыдэнтам ЗША.

Нарадзіўся ў раёне Ямайка акругі Кўінз у Нью-Ёрку (ЗША). Быў 4-м з 5 дзяцей у сям’і. Гадаваўся з 2 братамі і 2 сёстрамі: старэйшы брат Фрэдэрык (пам. 1981), сёстры Мар’яна (нар. 1937) і Элізабэта, малодшы брат Робэрт. У 1981 г., калі Дональду Трампу было 35 гадоў, старэйшы брат Фрэдэрык сканаў ад алькагалізму, што прывяло да поўнай адмовы Дональда Трампа ад ужыцьця сьпіртовых напояў і паленьня цыгарэтаў. Бацька меў нямецкае паходжаньне, мацішатляндзкае. Абодва дзяды і бабулі нарадзіліся ў Заходняй Эўропе. Бацька Фрэдэрык Трамп (1905—1999) нарадзіўся ў нью-ёрскай акрузе Кўінс ад нямецкіх бацькоў зь вёскі Кальштат (акруга Пфальц, Каралеўства Баварыя, Нямецкая імпэрыя; цяпер зямля Райнлянд-Пфальц, Нямеччына) і стаўся адным з найбольшых забудоўнікаў жытла ў Нью-Ёрку. Маці Мэры Трамп (у дзявоцтве Маклаўд; 1912—2000) нарадзілася ў шатляндзкай вёсцы Тунга (востраў Лоэс і Хэрэс). У 1936 г. бацькі сустрэліся і пабраліся шлюбам у Нью-Ёрку, дзе пасяліліся ў акрузе Кўінс. Дзядзька Джон Трамп (1907—1985) 37 гадоў працаваў прафэсарам у Масачусэцкім тэхналягічным інстытуце (1936—1973), дзе распрацоўваў радары падчас Другой сусьветнай вайны і рэнтгенаўскае абсталяваньне для выяўленьня рака. У 1943 г. дзядзька Джон вывучаў абсталяваньне і паперы вынаходніка Ніколы Тэслы (1856—1943) на запыт Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў ЗША пасьля яго сьмерці ў гасьцініцы «Нью-Ёркец» (нью-ёрская акруга Мангэтан). Дзед Фрыдрых Трамп (1869—1918) разбагацеў у 1890-я гг. на стварэньні страўняў і гасьцініцаў у Сіетле (штат Вашынгтон, ЗША) і затым у Бэнэце (правінцыя Брытанская Калумбія, Канадзкая канфэдэрацыя) падчас залатой ліхаманкі 1896—1899 гг. у даліне ракі Клёндайк (тэрыторыя Юкан, Канада). У Нямеччыне род Трампаў спавядаў хрысьціянства лютэранскай плыні. У ЗША бацькі Дональда Трампа ўжо былі хрысьціянамі кальвінскага кірунку (Рэфармаваная царква ў Амэрыцы).

Дональд Трамп у Нью-Ёрскай вайсковай акадэміі (30 чэрвеня 1964 г.)

Да 13 гадоў Дональд Трамп наведваў прыватную падрыхтоўчую школу К’ю-Форэст у нью-ёрскай акрузе Кўінс. У 1959 г. паступіў у Нью-Ёрскую вайсковую акадэмію ў Корнўоле (акруга Орандж, штат Нью-Ёрк), дзе скончыў 8-ю клясу і старэйшую школу. У жніўні 1964 г. паступіў у Фордэмскі ўнівэрсытэт у нью-ёрскай акрузе Бронкс, дзе правучыўся 2 гады. Улетку 1966 г. перавёўся ў Пэнсыльванскі ўнівэрсытэт у Філадэлфіі, дзе ў траўні 1968 г. скончыў Ўортанскую школу са ступеняй бакаляўра эканамічных навук у галіне нерухомасьці. Адначасна працаваў на будаўнічае прадпрыемства «Элізабэта Трамп і сын», заснаванае ў 1923 г. удавой дзеда. Прадпрыемства будавала арэнднае жытло ў 3 з 5 акругаў Нью-Ёрка (Бруклін, Кўінс і Востраў Стэтэн). Кіраўніцтва ажыцьцяўляў яго бацька Фрэдэрык. Яшчэ студэнтам, разам з бацькам адчыніў збанкрутавалы раней шматкватэрны дом «Вёска Сўіфтан» у Цынцынаці (штат Агаё, ЗША) пасьля $500 тыс. укладаньняў. У 1971 г. стаў кіраўніком прадпрыемства, якое перайменаваў у «Арганізацыю Трампа». У 1978 г. перабудаваў гасьцініцу «Вялікі Хаят» у Мангэтане, побач з Цэнтральным вакзалам Нью-Ёрка, за кошт $70 млн пазыкі. Цягам 1979—1983 гг. пабудаваў у Мангэтане 58-павярховы хмарачос вышынёй 202 мэтры пад назовам «Вежа Трампа», куды пераехаў жыць у пэнтгаўс і перанёс сядзібу свайго прадпрыемства.

Сустрэча з прэзыдэнтам ЗША Роналдам Рэйганам (1987 г.)

15 траўня 1984 г. адчыніў у Атлянтык-Сіці (штат Нью-Джэрзі, ЗША) гасьцінічнае казіно «Двор Трампа» на 906 нумароў. У 1985 г. тамсама выкупіў часткова збудаваную гасьцініцу ў прадпрыемства «Гілтан» (Тайсанз-Корнэр, штат Вірджынія) за $320 млн. Перабудаваў яе ў казіно «Замак Трампа» на 728 нумароў са стаянкай для яхтаў на прылеглым марскім беразе і перадаў пад кіраўніцтва сваёй жонкі Іваны Трамп. У 1985 г. набыў у Палм-Біч (штат Флорыда) гасьцініцу «Марэ-Лага» за $8 млн, якую перабудаваў у прыватны клюб на 58 спальняў з гадавым унёскам па $150 тысячаў з удзельніка. Тамсама набыў шматкватэрны дом, які перабудаваў у гасьцініцу «Замак Трампа». У 1988 г. набыў на Манхэтане гасьцініцу «Плаза» за $407,5 млн, якую перадаў пад кіраўніцтва жонкі. Пры канцы 1988 г. набыў у Атлянтык-Сіці казіно «Тадж-Махал» у тэлевядоўцы Мэрвіна Грыфіна (1925—2007) і прадпрыемства «Міжнародныя курорты» (Лас-Вэгас, штат Нэвада, ЗША). 2 красавіка 1990 г. адчыніў казіно на 2010 нумароў з агульным коштам перабудовы ў $1,1 млрд, што зрабіла яго найдаражэйшым у сьвеце.

«Вежа Трампа» ў Чыкага (17 жніўня 2015 г.)

У 1996 г. набыў офісны будынак па вул. Мура (анг. Ўол Стрыт), д. 40, які перабудаваў у 70-павярховы «Будынак Трампа». У 1999 г. атрымаў чвэрць нерухомасьці бацькі, якая ацэньвалася ў $250 млн пасьля яго сьмерці. У 2001 г. адчыніў 72-павярховы жылы хмарачос «Сусьветная вежа Трампа» праз дарогу ад галаўной сядзібы ААН. Падчас сваёй кар’еры пабудаваў таксама некалькі іншых гасьцініцаў, казіно, палёў для гольфа і хмарачосаў у ЗША і Паўднёвай Амэрыцы, Эўропе і Азіі. Некаторыя зь іх таксама носяць імя Трампа, як жылы квартал «Месца Трампа» на Мангэтане. У 2000 г. намагаўся вылучыцца ў прэзыдэнты ЗША ад Рэфармісцкай партыі ЗША, але зьняўся да пачатку галасаваньня. Пазьней амэрыканскі часопіс «Форбс» унёс яго ў сьпіс 500 найбольш заможных людзей сьвету. У 2004—2015 гг. быў выканаўчым прадусарам і вядоўцам тэлеперадачы «Вучань» (анг. «The Apprentice») на амэрыканскім тэлеканале «Нацыянальнай вяшчальнай кампаніі» (Нью-Ёрк), за што атрымаў зорку на Галівудзкай алеі славы. Граў сябе ў эпізадычных ролях ў 6 фільмах — «Адзін дома 2» (1992), «Маленькія нягоднікі» (1994), «Эдзі» (1996), «Кампаньён» (1996), «Узорны самец» (2001) і «Апавяшчэньне за 2 тыдні» (па-рас. Любоў з апавяшчэньнем; 2002) — і 6 тэлесэрыялах: «Новы князь Бэл-Эйра» (па-рас. Прынц з Бэвэрлі-Гілз; 1990—1996), «Няня» (1993—1999), «Шоў Дру Керы» (1995—2004), «Раптоўная Сюзана» (1996—2000), «Віруючы горад» (па-рас. Сьпін-Сіці; 1996—2002), «Сэкс і горад» (па-рас. Сэкс у вялікім горадзе; 1998—2004), «Праца» (2001—2002). У 1996—2015 гг. валодаў конкурсам прыгажосьці «Міс ЗША». Цягам 1987—2016 гг., за 30 гадоў, выступіў суаўтарам 18 кніг аб прадпрымальніцтве, у тым ліку «Мастацтва зьдзелкі» (1987), «Мастацтва выжываньня» (1991) і «Мастацтва вяртаньня» (1997). Некаторыя зь іх выдаваліся ў перакладзе ў Менску. На ліпень 2015 г. валодаў 18 палямі для гольфа, прыбыткі ад якіх да канца году склалі $382 млн.

Дональд Трамп з жонкай Меланіяй у Манчэстэры (штат Нью-Гэмпшыр, 8 лютага 2016 г.)

16 чэрвеня 2015 г. абвясьціў аб уступленьні ў барацьбу за пасаду прэзыдэнта ЗША ад Рэспубліканскай партыі[5]. У сярэдзіне ліпеня 2015 г. стаўся фаварытам сярод 17 аднапартыйцаў[6] на вылучэньне ў кандыдаты, атрымаўшы 24% галасоў у грамадзкім апытаньні. 4 траўня 2016 г. апошні зь яго 16 апанэнтаў у партыі, губэрнатар Агаё Джон Кейсік, спыніў сваю перадвыбарную кампанію[7]. 19 ліпеня 2016 г. звыш 1237 патрэбных дэлегатаў прагаласавалі за вылучэньне Дональда Трампа ў прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі на нацыянальным зьезьдзе ў Кліўлэндзе (штат Агаё)[8]. 21 ліпеня 2016 г. Дональд Трамп абвясьціў на зьезьдзе Рэспубліканскай партыі ў Кліўлэндзе аб згодзе вылучыцца ў прэзыдэнты ЗША[9]. Перадвыбарчыя прапановы Трампа ўлучалі: зьніжэньне падаткаў, перагляд амэрыкана-кітайскіх гандлёвых дамоваў і адмову ад гандлёвага Пагадненьня аб Трансціхаакіянскім партнэрстве, выкананьне законаў аб прадухіленьні незаконнай іміграцыі разам з працягам будаўніцтва сьцяны ўздоўж амэрыкана-мэксыканскай мяжы, рэформу апекі над вэтэранамі, скасаваньне спагнаньня за адмову абавязковага набыцьця мэдычнай страхоўкі, зацьвярджэньне Закона аб выбары школы зь вяртаньнем магчымасьці рэлігійнага і хатняга навучаньня[10], часовую забарону перасяленьня мусульманаў у ЗША з краінаў адкуль паходзілі тэрарысты. 8 лістапада 2016 г. перамог на прэзыдэнцкіх выбарах[11] у 30 з 50 штатаў, ад якіх атрымаў 306 (57%) з 538 галасоў у Выбарчай калегіі ЗША (мажарытарныя выбары). Разам з тым, 11 лістапада 2016 г. арганізацыя «Грамадзяне за справядлівы падлік галасоў» (Цынцынаці, штат Агаё) выявіла незаконнае галасаваньне за Гілары Клінтан ад Дэмакратычнай партыі ЗША звыш 3 млн неграмадзянаў ЗША[10] пасьля праверкі базы дадзеных аб уліку 180 млн выбарнікаў. Махлярству паспрыяла тое, што 28 кастрычніка 2015 г. губэрнатар Каліфорніі Джэры Браўн, як сябар Дэмакратычнай партыі, падпісаў закон аб імгненным уліку ўсіх трымальнікаў пасьведчаньняў кіроўцы ў якасьці ўлічаных выбарнікаў, у тым ліку на выбарах прэзыдэнта ЗША без уліку адсутнасьці ў іх амэрыканскага грамадзянства. У выніку Дональду Трампу налічылі меншы агульны лік галасоў, чым бліжэйшай прайграўшай апанэнтцы. З улікам незаконнага галасаваньня за Г.Клінтан звыш 3 млн неграмадзянаў, з агульнага ліку 132 899 453 пададзеных галасоў Дональд Трамп атрымаў 61 898 584 (46,58%), тады як Г.Клінтан ад Дэмакратычнай партыі ЗША — 63 551 979 (47,82%).

20 студзеня 2017 г. прэзыдэнт Дональд Трамп падпісаў свой першы выканаўчы загад № 13765 «Аб зьмяншэньні гаспадарчага цяжару Закону аб абароне пацыентаў і даступнай мэдыцыне, да разгляду яго адмены», якім скасаваў спагнаньне і падатак за адмову набываць мэдычную страхоўку[12]. 25 студзеня 2017 г. Дональд Трамп падпісаў Выканаўчы загад № 13767 «Аб паляпшэньні памежнай бясьпекі і ажыцьцяўленьня іміграцыі», які прадугледжваў «неадкладнае будаўніцтва фізычнай сьцяны на паўднёвай мяжы (з Мэксыкай) пры наглядзе і падтрымцы адпаведнага пэрсаналу з тым, каб прадухіліць незаконную іміграцыю, гандаль наркотыкамі і людзьмі, а таксама акты тэрарызму»[13].

22 сьнежня 2017 г. Трамп падпісаў Закон «Аб скарачэньні падаткаў і працах», паводле якога зьнізіў да 2026 году падатак на даход: 1) да $38 700 за год з 15% да 12%, 2) да $82 500 з 25% да 22%, 3) да $157 500 з 28% да 24%, 4) звыш $500 000 за год з 39,6% да 37%. Паводле Закону, падатак на прыбытак скарацілі з 35% да 21%. З 2019 году Закон скасоўваў спагнаньне 2,5% даходу (ці прынамсі $695) з асобаў, у якіх адсутнічала мэдычная страхоўка[14].

Замежная палітыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

23 студзеня 2017 году Дональд Трамп падпісаў Памятку для гандлёвага прадстаўніка ЗША «Аб выхадзе ЗША зь перамоваў і Пагадненьня аб Транс-Ціхаакіянскім партнэрстве». 6 сьнежня 2017 году Трамп падпісаў Абвяшчэньне № 9683 «Аб прызнаньні Ерусаліму сталіцай Ізраілю і перамяшчэньні Амбасады ЗША ў Ізраілі ў Ерусалім»[14].

На яго загад 3 студзеня 2020 году ў Багдадзе (Ірак) зьнішчылі паветраным ударам іранскага камандзіра «Ерусалімскіх сілаў» Войска вартавых ісламскай рэвалюцыі Касема Сулеймані, які падтрымліваў тэрарызм «Руху ісламскага супраціву» ў Газе (Ізраіль) і «Партыі Алаха» ў Лібане[15]. 15 красавіка 2020 году Трамп спыніў $500 млн фінансаваньня Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ; Жэнэва, Швайцарыя) ў год за адмову 22 студзеня прызнаць заразнасьць між людзей каранавірусу цяжкага вострага рэсьпіраторнага сындрому-2[16].

Прэзыдэнцкія выбары 2024 году

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля пераможных для Трампа прэзыдэнцкіх дэбатаў 27 чэрвеня 2024 году, палітычныя апанэнты зьмясьцілі ў сацыяльных сетках некалькі заклікаў да яго забойства, бо яго перадвыбарчая падтрымка стала пераважнай. Сярод іншага, такія заклікі зрабілі: 70-гадовы ангельскі эўракамуніст, які працаваў тэлевядоўцам на дзяржаўную «Брытанскую вяшчальную карпарацыю», і 66-гадовая акторка зь Іліною[17]. 14 ліпеня 2024 году Дональд Трамп атрымаў агняпальнае раненьне вуха ў выніку замаху на 50-тысячным перадвыбарчым сходзе ў Пэнсыльваніі (горад Батлер). У выніку нападу загінуў 50-гадовы пажарнік Коры Кампэратор. Яшчэ два ўдзельнікі сходу былі параненыя. Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў паведаміла, што нападнікам быў 20-гадовы Томас Крукс. Ён быў застрэлены снайпэрам Таемнай службы ЗША[18].

27 сакавіка 2020 году А. Лукашэнка згадаў захады адміністрацыі Трампа супраць пандэміі каронавірусу: «калі Трамп аб’явіў надзвычайнае становішча, я гэта вызначыў як надзвычайную недальнабачнасьць і глупства, скажу шчыра, з боку кіраўніцтва ЗША. Але Трамп, як чалавек, які некалі займаўся бізнэсам, хутка зарыентаваўся. Апошняя яго заява мне вельмі спадабалася. Ён сказаў так: калі мы неадкладна ня вернемся на прадпрыемствы і не пачнем працаваць, то празь беспрацоўе, праз тое, што мы не пачнем працаваць, памрэ больш амэрыканцаў, чым ад каронавірусу»[19].

15 чэрвеня 2024 году ў Вільні (Летува) каардынатар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк адзначыў: «Я заўсёды падтрымліваў Трампа, лічу, што для Амэрыкі гэта адзін з найлепшых прэзыдэнтаў. Ён калясальна панізіў беспрацоўе — такога ўзроўню беспрацоўя ў ЗША ніколі не было, — спрыяў амэрыканскаму бізнэсу». Таксама Пазьняк заявіў, што перамога Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах спрыяла б хутчэйшаму канцу расейска-ўкраінскай вайны[15].

За 1989—2016 гг. імя Дональда Трампа згадвалася ў песьнях звыш 50 амэрыканскіх сьпевакоў у стылі гіп-гоп. 8 лютага 2011 г. амэрыканскі рэпэр Мак Мілер выдаў песьню «Дональд Трамп», якая заняла 75 месца ў сьпісе гітоў часопіса «Дошка абвестак».

19 сакавіка 2000 г. у 243-й сэрыі «Барт у будучыні» амэрыканскага мультсэрыяла «Сымпсаны» згадваецца перамога Дональда Трампа ў прэзыдэнцкіх выбарах ЗША. Таксама вобраз Дональда Трампа станавіўся прадметам пародыі 4 камэдыйных тэлеперадачаў у ЗША: «Суботні вечар ужывую» (1988 г., красавік 2004 г., лістапад 2015 г.), «Джымі Кімэл ужывую» (2015 г.), «Апошні тыдзень за вечар» (28 лютага 2016 г.) і «Позьні паказ» (2016 г.).

  1. ^ а б IMDb (анг.) — 1990.
  2. ^ а б The Jamaica Hospital Certificate of Birth
  3. ^ а б Certificate of Birth Registration
  4. ^ Bush says Trump was a Democrat longer than a Republican 'in the last decade' — 2015.
  5. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Мільярдэр ідзе ў палітыку // Белтэлерадыёкампанія, 17 чэрвеня 2016 г. Праверана 20 лістапада 2016 г.
  6. ^ Трамп гарантаваў сабе вылучэньне ў прэзыдэнты ЗША // БелТА, 26 траўня 2016 г. Архіўная копія ад 26 траўня 2016 г. Праверана 20 лістапада 2016 г.
  7. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Дональд Трамп застаецца адзіным кандыдатам ад рэспубліканцаў // Белтэлерадыёкампанія, 5 траўня 2016 г. Архіўная копія ад 5 траўня 2016 г. Праверана 20 лістапада 2016 г.
  8. ^ Трамп афіцыйна стаў кандыдатам у прэзыдэнты ЗША ад рэспубліканцаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 20 ліпеня 2016 г. Архіўная копія ад 20 ліпеня 2016 г. Праверана 20 лістапада 2016 г.
  9. ^ Трамп афіцыйна згадзіўся стаць кандыдатам ад рэспубліканцаў на пасаду прэзыдэнта ЗША // БелТА, 22 ліпеня 2016 г. Архіўная копія ад 22 ліпеня 2016 г. Праверана 20 лістапада 2016 г.
  10. ^ а б Зянон Пазьняк. Хай Бог беражэ Амэрыку // Народная перамога, 17 лістапада 2016 г. Архіўная копія ад 15 лістапада 2016 г. Праверана 20 лістапада 2016 г.
  11. ^ Сяргей Кізіма. Чыстая перамога Дональда Трампа // Зьвязда : газэта. — 10 лістапада 2016. — № 217 (28327). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  12. ^ Зянон Пазьняк. Беларусь перад усім // Народная перамога, 25 студзеня 2017 г. Архіўная копія ад 22 студзеня 2017 г. Праверана 18 лютага 2017 г.
  13. ^ Зянон Пазьняк. Няма адказу на галоўнае пытаньне // Беларуская салідарнасьць, 31 студзеня 2017 г. Архіўная копія ад 2 лютага 2017 г. Праверана 18 лютага 2017 г.
  14. ^ а б Непусканьне прывідаў зла // Зянон Пазьняк, 14 студзеня 2018 г. Архіўная копія ад 16 студзеня 2018 г. Праверана 31 студзеня 2018 г.
  15. ^ а б Вера Белацаркоўская. Пазьняк выступіў у Вільні — расказаў пра будучыню Беларусі // Партал «Наша ніва», 15 чэрвеня 2024 г. Праверана 15 ліпеня 2024 г.
  16. ^ Зянон Пазьняк. Лапідарная інфармацыя // Партал «Беларуская салідарнасьць», 16 красавіка 2020 г. Праверана 20 красавіка 2020 г.
  17. ^ Ліз Сторэр. Левыя пагражаюць Дональду Трампу «забойствам» пасьля тыдня дэбатаў (анг.) // Тэлеканал «Нябесныя навіны Аўстраліі», 4 ліпеня 2024 г. Архіўная копія ад 4 ліпеня 2024 г. Праверана 15 ліпеня 2024 г.
  18. ^ «Эўранавіны». Дональд Трамп паранены на перадвыбарным мітынгу // Газэта «Зьвязда», 14 ліпеня 2024 г. Праверана 15 ліпеня 2024 г.
  19. ^ Марыя Дадалка, Вольга Мядзьведзева. «Нашыя магчымасьці ў тым, што мы не спыняем вытворчасьць» // Зьвязда. — 28 сакавіка 2020. — № 61 (29175). — С. 1, 2.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]