Дактрына Брэжнева
Дактры́на Брэ́жнева — дактрына, якая была сфармуляваная заходнімі палітыкамі і грамадзкімі дзеячамі ў дачыненьні да зьнешняй палітыкі СССР пэрыяду з 1960-х па 1980-я гады. Таксама вядомая як дактрына абмежаванага сувэрэнітэту. Разуменьне палягала ў тым, што СССР мог адвольна ўмяшацца ва ўнутраныя справы краінаў сацыялістычнага блёку, якія месьціліся ў Цэнтральна-ўсходняй частцы Эўропы. Такое становішча было выкліканае жаданьнем савецкіх кіраўнікоў забясьпечыць стабільнасьць палітычнага кірунку, які будаваўся на грунце рэальнага сацыялізму і быў накіраваны на цеснае супрацоўніцтва з СССР. Поруч з гэтым разуменьне дактрыны ўлучала савецкі курс на вайсковае супрацоўніцтва з краінамі сацыялістычнае арыентацыі ў аддаленых рэгіёнах плянэты, якія інтэнсіфікаваліся паводле ўсіх колькасных паказчыкаў.
Назва дактрыны была зьвязаная з прозьвішчам партыйнага кіраўніка СССР тых гадоў Леаніда Брэжнева. Панятак склаўся пасьля выступу Брэжнева на пятым зьезьдзе Польскай аб’яднанай рабочай партыі ў 1968 годзе, дзе ён, між іншага, згадаў, што адхіленьне ад сацыялістычнага руху аднаго з народаў блёку ёсьць фактычна пагрозай бясьпекі ўсёй садружнасьці. Праз гэтую дактрыну савецкія войскі ў хаўрусе з шэрагам іншых сацыялістычных вайсковых фармаваньняў зладзілі ў 1968 годзе ўварваньне ў Чэхаславаччыну, вядомае як Праская вясна. Фактычна гэтыя ўмяшаньні мелі на мэце пакласьці канец намаганьням усходнеэўрапейскіх краінаў па лібэралізацыі, якія маглі паставіць пад пагрозу гегемонію СССР у сацыялістычным блёку, які Савецкі Саюз лічыў важным, бо разглядаў яго як абарончы і стратэгічны буфэр на выпадак ваенных дзеяньняў супраць краінаў НАТО.
Курс быў перагледжаны пасьля прыходу да ўлады ў Савецкім Саюзе Міхаіла Гарбачова. Гэтак, ён ужо адмовіўся ад прымяненьня вайсковай сілы, калі ў 1989 годзе ў Польшчы прайшлі свабодныя выбары і Салідарнасьць перамагла Польскую аб’яднаную рабочую партыю.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Brezhnev Doctrine. Encyclopædia Britannica