Перайсьці да зьместу

Лютэранства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Біблія Лютэра з друкарні Ганса Люфта
Дарэфармацыйныя рухі
Лютаранская царква ў Полацку

Лютэра́нства — пратэстанцкая плынь у хрысьціянстве. Паўстала ў выніку рэфармацыйнага руху ў Нямеччыне ў XVI стагодзьдзі.

Галоўны пастулят тэалёгіі лютэранства — выратаваньне асабістай верай, якая даруецца Богам, без дапамогі царквы. Сувязь Бога й чалавека набывае ўнутраны, асабісты характар, царква перастае быць пасярэднікам паміж Богам і чалавекам. Усе вернікі прызнаюцца роўнымі перад Хрыстом, сьвятары страчваюць палажэньне асобага саслоўя, адмаўляюцца каталіцкія манаства, бясшлюбнасьць сьвятароў. Рэлігійныя суполкі самі запрашаюць пастараў і выбіраюць кіруючыя органы — кансысторыі. Крыніцай веравучэньня зьяўляецца Біблія, якую вернік мае права самастойна тлумачыць, і веравызнавальны зборнік «Кніга згоды»[1]. У кірхах (храмах) няма абразоў. 3 7 тайнасьцяў каталіцкай царквы засталіся хрышчэньне, прычасьце і пакаяньне. У герархіі — дыякан, прэсьвітэр і япіскап. Прызнаюцца пастановы першых 7 сусьветных сабораў Адзінай Царквы і адпаведна працы айцоў царквы першых 7 стагодзьдзяў пасьля нараджэньня Ісуса Хрыста. На гледжаньне прыхода (адыяфара) пакідаецца выбар заходняй або праваслаўнай (Яна Златавуста) літургіі[1]. Набажэнства вядзецца на роднай мове. У кульце лютэранства ўвасабляецца прынцып таннай царквы.

Марцін Лютэр

Назва «лютэранства» паходзіць ад прозьвішча Марціна Лютэра (1483—1546 гг.), манаха Рымска-каталіцкай царквы, доктара багаслоўя Вітэнбэрскага ўнівэрсытэту ў Нямеччыне. Пры вывучэньні Бібліі Лютэр заўважыў у Слове Божым некаторыя ключавыя ісьціны, якія былі добра вядомыя першым хрысьціянам, але з часам у сілу розных акалічнасьцяў разьвіцьця царквы былі пакінутыя без увагі й амаль забытыя. Лютэр, а таксама іншыя багасловы пачалі адраджэньне аўтарытэту гэтых ісьцін. Гэтая падзея вядома ў гісторыі як Рэфармацыя царквы ў XVI стагодзьдзі. Зь Нямеччыны лютэранская царква распаўсюдзілася ў краіны Эўропы — Аўстрыю, Вугоршчыну, Францыю, Нідэрлянды, краіны Скандынавіі, Прыбалтыку, а затым і ў Паўночную Амэрыку. На поўначы Нямеччыны, у Скандынавіі, Фінляндыі й Прыбалтыцы (Латвія й Эстонія) лютэранства стала пануючай рэлігіяй.

Сутнасьць канфэсіі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лютэране вераць у Трыадзінага Бога: Айца, Сына і Сьвятога Духа. Лютэране прызнаюць усе кананічныя кнігі Бібліі (Стары й Новы Запавет). Гэтае Сьвятое Пісаньне зьяўляецца для лютэран найвышэйшым аўтарытэтам, адзінай крыніцай веравучэньня й найлепшым падручнікам хрысьціянскага жыцьця. Лютэране вераць паводле Бібліі, што Бог Айцец зьяўляецца Творцам усяго сьвету й усяго, што ў сьвеце, у тым ліку й чалавека, найвышэйшага з усіх тварэньняў. Чалавек знаходзіўся ў прысутнасьці Божым, быў сьвяты, справядлівы й бязгрэшны, валодаў вечным жыцьцём, але ў выніку грэхападзеньня выява Божая ў чалавеку сказілася, чалавек аддаліўся ад Бога, стаў грэшны. Лютэране вераць паводле Бібліі, што Бог добры й міласьцівы, і па Сваёй вялікай літасьці Ён даў чалавеку магчымасьць выратавацца ад граху й ад пакараньня за яго праз Сына Свайго, Госпада Ісуса Хрыста. Праз сваю веру ў Хрыста. У часы Рэфармацыі прынцыпы гэтага «эвангелічнага» веравучэньня былі каротка выкладзеныя ў пяці лацінскіх выразах з «sola» — што значыць «адна», «толькі», «адзіна».

Sola Gratia (Толькі Ласка)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Людзі могуць быць прынятыя ў жыцьцё вечнае з Богам выключна па Божай літасьці. Людзі зусім ня могуць заслужыць гэты бясконцы падарунак Божай літасьці ніякімі сваімі справамі або ўчынкамі. Бог паслаў Свайго Сына, які Сваёй ахвярай заплаціў за кожнага грэшніка.

Sola Fides (Толькі Вера)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Празь веру ў Эвангельле Хрыстова чалавек адказвае на Божую ініцыятыву. Вера зьяўляецца не заслугай чалавека, а дзеяньнем Сьвятога Духа і дарам Божым — прычым чалавек мае свабоду волі й здольнасьць адмовіцца ад гэтага падарунка.

Sola Scriptura (Толькі Сьвятое Пісаньне)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле лютэранскага веравучэньня, Біблія, дадзеная й захаваная Царквой, зьяўляецца адзінай судзьдзёй, нормай і правілам, паводле якога належыць выпрабоўваць і ацэньваць усе догмы. У Бібліі Бог адкрывае свой плян, які Ён мае для кожнага чалавека й для сьвету.

Solo Christo (Толькі Хрыстос)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ружа Лютэра

Ісус Хрыстос, які сапраўды аб’яднаў божую й чалавечую прыроды ў адной Сваёй Выяве, зьяўляецца адзінай надзеяй на Божую літасьць, а таксама прадметам нашай веры, якая неабходная для выратаваньня. Толькі Хрыстос перамог сьмерць, і толькі Ён адзін дае жыцьцё з Богам тым, хто зь вераю да яго зьвяртаецца.

Soli Deo Gloria! (Толькі Богу Слава!)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хоць памяць Багародзіцы й іншых сьвятых людзей Божых важная ўсім хрысьціянам, а шанаваньне сьвятых карысна для выхаваньня й умацаваньня нашай веры, аднак, паводле Сьвятога Пісаньня, толькі Бога аднаго належыць праслаўляць. Яму аднаму належыць малітва й толькі Яго варта заклікаць малітваю праз Ісуса Хрыста. Лютэране вераць у Адзіную Сьвятую Кафалічную («Сусьветную», «Саборную») і Апостальскую Царкву й прызнаюць сябе часткай гэтай Царквы. Марцін Лютэр вучыў, што «таму, хто жадае знайсьці Хрыста, неабходна перш знайсьці Царкву»; «той, хто жадае пазнаць штосьці аб Хрысьце, павінен не давярацца ў гэтым сабе самому й не будаваць мастоў на неба сваім розумам, але ён павінен прыйсьці да Царквы, наведваць і пытаць аб гэтым. Бо па-за Хрысьціянскай Царквой няма праўды, няма Хрыста, няма выратаваньня» (М. Лютэр, Пропаведзь на сьвяткаваньне Нараджэньня Ісуса Хрыста, 1521—1522 г).

Лютэранская царква ў Гародні

У прэамбуле Закона Рэспублікі Беларусь № 137-З «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» ад 31 кастрычніка 2002 году згадваецца: «неаддзельнасьць ад агульнай гісторыі народа Беларусі Эвангелічна-лютэранскай царквы». На сакавік 2003 году ў 2 лютэранскіх аб’яднаньнях існавала 24 прыходы, у тым ліку ў Віцебску, Горадні, Жодзіне і Магілёве (2). Набажэнствы праводзіліся на беларускай, нямецкай і расейскай мовах[1].

У сучаснай Беларусі лютэранства прадстаўленае дзьвюма незалежнымі адна ад адное юрысдыкцыямі: Эвангельска-лютэранскаю царквою ў Рэспубліцы Беларусь, якая зьяўляецца адгалінаваньнем шырэйшае структуры — Саюзу ЭЛЦ (раней вядомая як ЭЛЦ Расеі, Украіны, Казахстану ды Сярэдняе Азіі), і Самастойнаю Эвангельска-лютэранскаю царквою ў Рэспубліцы Беларусь (СЭЛЦ РБ). Гістарычная лютэранская кірха ў Гародні знаходзіцца ў падпарадкаваньні першае структуры (ЭЛЦ РБ).

Прычынаю аддзяленьня Самастойнае ЭЛЦ ў Рэспубліцы Беларусь стала адсутнасьць назвы краіны ў назьве найбуйнейшае лютэранскае юрысдыкцыі нямецкай традыцыі на постсавецкай прасторы: Эвангельска-Лютэранскае Царквы ў Расеі, Ўкраіне, Казахстане ды Сярэдняе Азіі (пазьней вядомай як ЭЛЦ ў Расеі ды іншых дзяржавах, ELKRAS, ЭЛКРАС). Фактычна, гэтая структура адбудоўвае Лютэранскую царкву нямецкай традыцыі ў Расейскай Імпэрыі, дзе парафіі на тэрыторыі сучаснае Беларусі падпарадкоўваліся непасрэдна Супэрынтэндэнту, то бок імпэратару, і не складалі асобнае царкоўнае акругі.

Адрозьненьнем паміж ЭЛЦ і СЭЛЦ у Рэспубліцы Беларусь зьяўляецца іхняе стаўленьне да жаночага сьвятарства (у ЭЛЦ кабеты могуць быць пастарамі, згодна з царкоўным правам СЭЛЦ гэта немагчыма). Каб пераадолець фактычную ізаляцыю, СЭЛЦ РБ падпісала ўмову (канкардат) с ЭЛЦ Летувы, згодна зь якою Біскуп ЭЛЦ Летувы з рэзыдэнцыяю ў Вільні зьяўляецца духоўным кіраўніком, зьверхнікам СЭЛЦ у Беларусі. На тэрыторыі Беларусі гэтую структуру ўзначальвае Прадстаяльнік.

Як і ў шматлікіх іншых лютэранскіх цэрквах нямецкае традыцыі, ў ЭЛЦ РБ адсутнічае г.зв. «гістарычны эпіскапат», то бок традыцыйнае апостальскае пераемства, а пасада біскупа зьяўляецца выбарнаю. Паколькі гэта ня так у ЭЛЦ Летувы (дзе біскупскі сан гістарычна пераемны й пажыцьцёвы), дактрына Самастойнае ЭЛЦ ў Беларусі адрозьніваецца таксама і ў гэтым пляне. Фактычна, СЭЛЦ РБ адрадзіла гістарычную лютэранскую традыцыю ў ВКЛ (тагачасныя зьверхнікі Царквы таксама мелі рэзыдэнцыю ў Вільні).

  1. ^ а б в Нашчадкі Рэфармацыі // Зьвязда : газэта. — 5 сакавіка 2003. — № 54 (24738). — С. 3. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лютэранствасховішча мультымэдыйных матэрыялаў