Перайсьці да зьместу

Віцень

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта актуальная вэрсія старонкі Віцень, захаваная ўдзельнікам Kazimier Lachnovič (гутаркі | унёсак) у 20:32, 13 кастрычніка 2024. Гэты адрас зьяўляецца сталай спасылкай на гэтую вэрсію старонкі.
(розьн) ← Папярэдняя вэрсія | Цяперашняя вэрсія (розьн) | Наступная вэрсія → (розьн)
Віцень
лац. Vicień
сьпіс вялікіх князёў літоўскіх
Віцень (уяўны партрэт)
9-ы вялікі князь літоўскі
1294 — 1316
Папярэднік Будзівід
Наступнік Гедзімін
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся XIII стагодзьдзе
Памёр 1316
Дынастыя Гедымінавічы
Бацька Будзівід[1] або Лютавор

Віцень (1232—1316) — вялікі князь літоўскі (1294—1315).

Паводле Густынскага летапісу, Віцень прыняў дзяржаўны герб Вялікага Княства Літоўскага[2]:

« Віцень нача княжыці над Літвою, ізмысьлі сабе герб і ўсяму княству Літоўскаму пячаць: рыцар збройны на кане зь мечам, ежа ныне нарычуць Пагоня. »

Густынскі летапіс

Віцен (Wittenus) — імя германскага паходаньня[3]. Іменная аснова -віт- (імёны ліцьвінаў Віталт, Вітарт, Бутавіт; германскія імёны Witolt, Witard, Botwith) паходзіць ад гоцкага wit 'веда, розум, закон'[4], старасаксонскага witan 'ведаць' або ад асновы -від-[5]. Такім парадкам, імя Віцень азначае «мудры»[6].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: съ сыномь моимь с Витенемь (паміж 1299 і 1305 або 1308 год)[7]; rex Vithenus (Хроніка Прускай зямлі)[8]; praedecessor noster rex Viten (1322 год)[9]; sicut Vithene bone memorie, frater vester et antecessor (29 лістапада 1322 году)[10]; rex Wytan[11], konig Witen[12] (Хроніка Віганда); Witeni або Витень (летапісы ВКЛ)[13]; Witenes albo Wiczien (Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі)[14]; Утен (Энцыкляпэдычны слоўнік Бракгаўза і Эфрона)[15].

Віцень. М. Барвіцкі, 1908 г.

Існуюць розныя погляды на паходжаньне Віценя[16]. Сёньняшняя афіцыйная гістарыяграфія ўжывае ідэю Юзэфа Пузыны пра тое, што імя Pucuwerus у выданьні «Хронікі Прускай зямлі» Пятра з Дусбургу ёсьць перакручаным напісаньнем імя Будзівід, і лічыць Віценя сынам Пукувера-Будізівіда[17]. Таксама афіцыйная гістарыяграфія, грунтуючыся на лісьце рыскае рады, лічыць Віценя братам Гедзіміна[2]. Аднак, з падрабязнага аповеду Раўданскага рукапісу вядома, што Віцень быў сынам князя Лютавора з вотчынай у Эйраголе, а Гедзімін быў старэйшым сынам Віценя. Гэтыя зьвесткі пацьвярджаюць і шматлікія летапісы Вялікага Княства Літоўскага, якія ўзгоднена паведамляюць, што Гедзімін быў сынам Віценя, а род Віценя быў «з рожаю Калюмнаў» і меў вотчынай Эйраголу. Раўданскі рукапіс паведамляе, што Віцень нарадзіўся ў 1232 годзе ў Эйраголе, у юнацтве быў захоплены ў палон татарамі, знаходзіўся ў абозе цэсара Батыя, а вярнуўшыся да Літвы, разам з бацькам Лютаворам (ад 1264 году) выконваў абавязкі вялікакняскага намесьніка ў Полацку[18].

Летапісы ВКЛ паведамляюць, што Віцень быў каморнікам, а потым маршалкам вялікага князя літоўскага Тройдзеня і быў паднесены на вялікакняскі сталец на сойме ВКЛ у Кернаве, на жаданьне князя Лаўрыша-Рыманта:

« «І вернувшыся назад к стольцу отца своего до Кернова, і рек паном: «(...) Возміте собе господарем, кого воля ваша будеть. (...) А прото оберыте собе господара доброго, хто бы мел бороніті того панства, Велікого Князства Літовского. І так мі ся відіть, іж бы к тому был годный Вітеня, который был маршалком ув отца моего».

(...) Князь велікій Тройдень, будучы в Жомойті, ехал через іменье его Айракголу і узрал оного Вітеню ешче малым младенцом (...) і взял его к собе. І был у него коморніком, і будучы в него в коморе кождую реч цудне а радне панскую ховал і справовал. А так он, бачечы цноту его і доброе заховане, вчыніл его в себе маршалком, і был в него мілосніком і всякім справцою, і затым по смерті его взялі его на Велікое Князство Літовское».

»

Летапіс Рачынскага[19]

Кіраваньне Віценя прыпала на пэрыяд адноснай стабільнасьці, калі не было змаганьня за ўладу. У той жа час, за княжаньня Віценя памацнелі напады крыжакоў і войны зь імі. Хроніка Літоўская кажа, што Віцень «панаваў аж да сівізны і частыі войны з крыжакамі, прусы і інфлянты меваў». Крыжакі далі Віценю мянушку «Жахлівы» (der Schreckliche)[20].

У 1291 годзе князь Лютавор паслаў Віценя зь вялікім войскам на Брэст-Куяўскую зямлю Польшчы, а ў 1294 годзе Віцень ужо як вялікі князь ваяваў Леньчыцкую зямлю. У тым жа годзе ён захапіў Жамойць і здушыў там паўстаньне мясцовай знаці, якую схіляў да зьвязу Тэўтонскі ордэн. У 1295 годзе напаў на Малую Польшчу.

Справіў адпор наступу Ордэна крыжакоў на Вялікае Княства Літоўскае. За яго прыводам адбыліся вайсковыя выправы на землі Тэўтонскага ордэну. Дзеля змаганьня з крыжакамі Віцень збудаваў на правым беразе Нёману некалькі замкаў, у якіх бесьперапынна знаходзіліся зьменныя залогі. Тым часам на левым беразе ракі свае замкі збудаваў Ордэн; тут часта адбываліся вайсковыя сутычкі.

Скарыстаў супярэчнасьці паміж інфлянцкімі рыцарамі і рыскім арцыбіскупам і ў 1298 годзе ўклаў зьвяз з Рыгай і арцыбіскупам, што дало магчымасьць адбіць крыжацкі наступ на Жамойць. Тады ж захапіў крыжацкі замак Каркгаўз. Зьвяз ВКЛ з Рыгай дзеіў да канца панаваньня Віценя. Недзе ў той жа час умову з Рыгай ад імя Полацкага княства склаў полацкі япіскап Якаў, які ў грамаце назваў Віценя сваім сынам (с сыном моим с Витенем). Жаніцьба (каля 1298 году, паводле Раўданскага рукапісу) Гедзіміна з Еўнай Полацкай таксама сьведчыць пра шчыльныя повязі Полацкага княства з ВКЛ. З розных крыжацкіх крыніц вядома, што ключавую ролю ў абароне ВКЛ ад крыжакоў мелі замак Горадні і князь Давыд Гарадзенскі.

У 1300 годзе Віцень ваяваў Добжынскую зямлю, а ў 1306 годзе быў з вайсковай выправай ля Калішу. Яшчэ адна выправа на Польшчу адбылася ў 1307 годзе. Некаторыя зь іх рабіліся як адказ на падтрымку Мазовіяй тэўтонскіх нападаў.

Ва ўнутранай палітыцы намагаўся ўмацаваць палітычнае адзінства Вялікага Княства Літоўскага. Сяліў на Гарадзеншчыне прусаў, якія ўцякалі ад крыжакоў з Прусіі. Паводле позьняга Васкрасенскага летапісу, далучыў да сваёй дзяржавы тэрыторыю да Бугу, у тым ліку Берасьцейскую зямлю (1315 год[21]).

Апошні раз Віцень упамінаецца ў крыніцах у верасьні 1315 году, калі кіраваў аблогай ордэнскага замку Хрыстмэмэлю. Паводле апавяданьня летапісаў ВКЛ і Раўданскага рукапісу, памёр у 1316 годзе ў дарозе ад удару перуна[22].

Паводле Раўданскага рукапісу Віцень быў жанаты тройчы: ад першай жонкі нарадзіўся Гедзімін (1257 год), ад другой жонкі нарадзіліся сыны Гвазэлют (1295 год) і Воін (1296 год), ад трэцяй жонкі ня меў дзяцей[23].

Полацкі япіскап Якаў у сваёй грамаце, складзенай паміж 1298 і 1307 гадамі, называў вялікага князя Віценя сваім сынам: «А ныне есьмь уведаў любоў ваша правая з сынам маім зь Віценем» (гісторык Вітаўт Чаропка зьвяртае ўвагу на тое, што гэта традыцыйная форма звароту сьвятароў да хрысьціяніна[24]). За Віценем, у 1299 або 1300 годзе ўтварылася Літоўская мітраполія.

Тагачасныя крыжацкія крыніцы называлі Віценя «няверным» і «абразьнікам імя Ісуса Хрыста» (blasphemus nominis Jesu Cristi), што параўнальна з эпітэтамі папскай курыі датычна баўгарскіх богумілаў XIII ст.: «gens apostatrix, populus blasphemans, haeretici et schismatici». У 1311 годзе ў час выправы літоўскага войска ў Прусію перад палоннымі каталікамі Віцень патаптаў каталіцкі аплатак і намаўляў палонных каталікоў «перайсьці на яго веру». Аднак у 1312 годзе запрасіў у Літву францішканскую місію, для якой збудаваў касьцёл у Наваградку[25].

Папярэднік
Будзівід
Вялікі князь літоўскі
1294—1316
Наступнік
Гедзімін
  1. ^ Lundy D. R. Vytenis, Grand Duke of Lithuania (анг.) The Peerage
  2. ^ а б Грыцкевіч А. Віцень // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 458.
  3. ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 1565.
  4. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
  5. ^ Klimek Z. Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. — Kraków: 1997 Т. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — С. 291. — ISBN 9788385579144
  6. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 21.
  7. ^ Полоцкие грамоты XIII — начала XVI в. Т. 1. — М., 2015. С. 60—61.
  8. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 1. — Leipzig, 1861. S. 156, 163, 175—176, 181.
  9. ^ Первое послание Гедимина папе Иоанну XXII (1322), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  10. ^ Послание Риги Гедимину о незаключении договора с Тевтонским орденом (1322), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  11. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 454—456, 581.
  12. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 456, 464.
  13. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 138.
  14. ^ Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiej Rusi Maciejá Stryjkowskiego. T. 1. — Warszawa, 1846. S. 331.
  15. ^ Экземплярский А. В. Витен или Витенес // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. — 1892 Т. VIa: Винословие — Волан. — С. 567—568.
  16. ^ Ермаловіч М. Віцень // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 341.
  17. ^ Грыцкевіч А. Віцень // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 457.
  18. ^ Narbutt T. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. I. — Wilno, 1835. S. 158—159.
  19. ^ Летапіс Рачынскага // Летапісы і хронікі Беларусі. — 2-е выд.. — Смаленск: Інбелкульт, 2013. — С. 290—291. — ISBN 978-5-9904531-5-9
  20. ^ Jaroszewicz J. Obraz Litwy pod względem jej cywilizacji od czasów najdawniejszych do końca wieku XVIII. Cz. II. — Wilno, 1844. S. 10.
  21. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 40.
  22. ^ Ермаловіч М. І. Віцень // БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 236.
  23. ^ Narbutt T. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. I. — Wilno, 1835. S. 159.
  24. ^ Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск: 1995. — С. 24.
  25. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 66—67.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]