Перайсьці да зьместу

Геаграфія Латвіі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта актуальная вэрсія старонкі Геаграфія Латвіі, захаваная ўдзельнікам Журавіны (гутаркі | унёсак) у 13:36, 25 лістапада 2022. Гэты адрас зьяўляецца сталай спасылкай на гэтую вэрсію старонкі.
(розьн) ← Папярэдняя вэрсія | Цяперашняя вэрсія (розьн) | Наступная вэрсія → (розьн)
Мапа Латвіі

Латвія — эўрапейская дзяржава, што мае выхад да Балтыйскага мора. Адзінай думкі аб рэгіянальнай прыналежнасьці Латвіі вучоныя ня маюць: краіну адносяць як да Ўсходняй, так і да Паўночнай Эўропы. Агульная працягласьць латвійскай граніцы складае 1866 км (зь іх 1368 — сухапутная мяжа). На поўдні Латвія мяжуе з Беларусьсю і Жмудзю на ўсходзе — з Расеяй, на поўначы — з Эстоніяй. З захаду краіна абмываецца Балтыйскім морам, у тым ліку даволі глыбока ўрэзаным у сушу мелкім Рыскім залівам на паўночным захадзе. У Балтыйскім моры Латвія мае марскую граніцу са Швэцыяй, Жмудзю, Эстоніяй. Заходняя тэрыторыя, што выступае ў Балтыйскае мора, разглядаецца некаторымі географамі як Курляндзкі паўвостраў.

Агляд з узгорка Гайзінькалнс

Латвія разьмешчана на заходняй ускраіне Ўсходне-Эўрапейскай раўніны. Нягледзячы на нязначныя абсалютныя вышыні, латвійскія краявіды багатыя на ўзгоркі і азёры, што абумоўлена стваральнай працай старажытнага ледавіка, паходжаньнем якому абавязаны ўзвышшы: Курземскае на захадзе, Латгальскае на ўсходзе і Відземскае ў цэнтральнай частцы. Да апошняга належыць вышэйшая кропка краіны — узгорак Гайзінькалнс (312 м). Узьбярэжжа ж Балтыйскага мора нізіннае і (нешырокая Прыморская нізіна) аднастайна пакатае. Іншыя нізіны разьлегліся па берагах буйных рэк і на поўначы краіны.

Латвія знаходзіцца ў пераходнай зоне паміж марскім і кантынэнтальным кліматам. На Курземскім паўвостраве пераважаюць рысы марскога клімату, кантынэнтальнасьць расьце на ўсход ня толькі ў сувязі з павелічэньнем аддаленасьці ад мора, але і з ростам вышыні над яго ўзроўнем. Так на ўзгорак Гайзінькалнс сьнегавое покрыва кладзецца на 10-15 дзён раней за яго больш нізкія ваколіцы.

Буйнейшая рака Латвіі — Даўгава, так латышы называюць Заходнюю Дзьвіну. Латвіі належаць 352 км яе ніжняга цячэньня. Найбольшую працягласьць на тэрыторыі Латвіі мае рака Гаўя (452 км). Азёры пераважна ледавіковага паходжаньня. Самае буйное возера Латвіі — Лубанс (80,7 км²).

Лясы займаюць 40% тэрыторыі Латвіі. У тыповым латыскім краявідзе пушчы чаргуюцца з палямі, сядзібамі і лугамі, плямы ральлі перамяжоўвацца бярозавымі гаямі. У Латвіі сотні кілямэтраў неасвоенага марскога ўзьбярэжжа, парослага сасновым лесам, аздобленага нізкамі выдмаў ды белых пясчаных пляжаў. Каля 9% тэрыторыі занята балотамі, 70% зь якіх не крануты чалавекам. З фаўны распаўсюджаныя алені, лісы, ласі, ваўкі, бабры. Рэкі Латвіі — дом для буйнейшай ва ўсходняй Балтыі папуляцыі ласосевых рыбаў.

Прырода краіны захоўваецца ў нацыянальных парках. У кожным з чатырох рэгіёнаў Латвіі створаны адзін парк: Гаўя ў Відземе, Кэмэры ў Зэмгале, Сьлітэрэ ў Курземе і Разнас у Латгале. У 2012 Латвія была другой у сьвеце пасьля Швэйцарыі паводле індэксу экалягічнай эфэктыўнасьці[1], што азначае як высокую ступень захаванасьці экасыстэм, так і беражлівае стаўленьне да прыроды ў наш час.